Тры дзесяцігоддзі самабытнасці, любові да роднай зямлі і адданасці традыцыям – менавіта гэта вызначае творчы шлях узорнага фальклорнага калектыву “Скарбоначка”. 👏Юбілейны вечар стаў сапраўдным святам народнай творчасці і падзякі тым, хто захоўвае нематэрыяльную спадчыну Беларусі. Загадчык Дэмбраўскага Дома фальклору Алена Аліхвер і мастацкі кіраўнік Эльвіра Сухоцкая штодзённай працай даказваюць: “Скарбоначка” была, ёсць і будзе.
Са сцэны гучалі словы падзякі людзям, якія збераглі і перадалі з пакалення ў пакаленне свае веды пра мясцовы фальклор. З сардэчным падарункам прыехаў дзіцячы фальклорны калектыў “Крынічка” з аграгарадка Азеркі Мастоўскага раёна. Яны прадэманстравалі “Котчынскую кадрылю”, якая таксама ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.
А потым здарылася неверагоднае: розныя пакаленні выйшлі на адну пляцоўку і станцавалі “Дэмбраўскую кадрылю” разам. Узрост, статус, колькасць гадоў, праведзеных на сцэне, – усё страціла значэнне. Гэта было моцна. Было толькі адчуванне радасці і адзінства.










