Этнаграфічная экспедыцыя

      Духоўным багаццем, атрыманым намі ў спадчыну ад продкаў, можна ганарыцца перад усім светам і, каб захаваць сваю самабытнасць ў культурным асяроддзі, неабходна яго зберагчы і перадаць наступным пакаленням. Багацце гэта — народныя святы, абрады, традыцыі. Да нашых дзён яны не страцілі сваёй мэтавай накіраванасці і прызначэння ў народным жыцці, здолелі захаваць у сабе адну з самых цікавых старонак народнага побыту, нашу нацыянальную культурную спадчыну.
Матэрыялы, прадстаўленыя ў гэтым раздзеле, дазволяць наведвальнікам падрабязней пазнаёміцца ​​з тым, як адзначалі нашы продкі найбольш значныя ў іх жыцці каляндарныя і сямейна-бытавыя святы, дапамогуць выкарыстоўваць элементы традыцыйнай абраднасці пры правядзенні сучасных святаў грамадскага гучання і сямейных урачыстасцяў.

Работа праводзіцца з мэтай захавання, развіцця і прапаганды традыцыйнай народнай творчасці, далучэння дзяцей, падлеткаў, моладзі да гісторыка-культурнай спадчыны, выяўленню самабытных носьбітаў беларускага фальклору, папулярызацыі іх творчасці. І як вынік — павышэнне ўвагі да вывучэння мясцовых нацыянальных традыцый песенна-танцавальнага і ігравога жанру, абрадавай спадчыны.

Абрады і традыцыі, якія выдатна захаваліся на Шчучынскай зямлі, як найлепш, характарызуюць народ, які тут жыве. 

Абрад  “Завіванне бярозкі”.

У в. Церахі Ракавіцкага сельвыканкама адбыліся здымкі праграмы «Наперад у мінулае», прысвечанай спрадвечнай песеннай культуры Беларусі. Тутэйшы абрад “Завіванне бярозкі” прываблівае сваёй непаўторнасцю. Паказана песенная культура мясцовых жыхароў у выкананні народнага фальклорнага гурта «Вяргіні» Ракавіцкага Дома культуры.

 Абрад «Гуканне вясны» (г.п. Астрына)

Па традыцыі нашых продкаў, каб паскорыць яе прыход, вясну неабходна паклікаць. На адкрытай пляцоўцы Астрынскага ДК і ТТ прайшла фальклорная праграма “Вясновы ладзім карагод – вясну гукаем ля варот”, якую падрыхтавалі работнікі дома культуры і ўдзельнікі клубных фарміраванняў — вучні 7 класа Астрынскай СШ. Спявалі песні, прыбіралі Вясну-вяснянку, ладзілі карагоды і “ручайкі”, зазывалі птушак, падкідаючы ў настольніцы печаных жаўрукоў, палілі вогнішча, цягалі барану, каб абудзіць зямлю, гулялі ў вясновыя гульні. Напрыканцы праграмы ўсе пачаставаліся печывам – жаўручкамі.

 Абрад «Гуканне вясны» (аг. Дэмбрава)

Песні-вяснянкі і жаўрукі з цеста — старажытныя абрады і сёння, як даўней, заклікаюць на беларускую зямлю першае вясновае сонца і цяпло. Менавіта аматарам этнаграфіі і захавальнікам народных традыцый, падобна, абавязаны мы выдатным надвор’ем: заваражылі, заклікалі, даклікалася вясну!

Гэты беларускі звычай — адзін з самых жыццярадасных і аптымістычных. Заканчваецца доўгая зіма, а на змену ёй ідзе прыгажуня-вясна. Каб паскорыць яе прыход і ўладкоўваецца народнае свята.

 Работнікі Дэмбраўскага сельскага Дома фальклору разам з вяскоўцамі арганізавалі абрад «Гуканне вясны».

Асаблівасцю гэтага яркага народнага свята заўсёды была і застаецца па гэты дзень незвычайная натуральнасць і жвавасць. У гэтага абраду няма выразнага плану дзеяння, галоўнае — весяліцца, спяваць і радавацца жыццю.

Абрад «Валачобнікі» (г.п. Жалудок)

Удзельнікі народнага ансамбля народнай песні “Сябрына” Жалудоцкага Дома культуры віншавалі жыхароў і гасцей пасёлка са светлым святам, жадалі здароўя, дабрабыту, багацця і добрага ўраджаю.  Мясцовыя жыхары і іх госці з радасцю сустракалі валачобнікаў.

Абрад «Валачобнікі» (аг. Ракавічы)
Жыхары аграгарадка Ракавічы сустракалі валачобнікаў гасцінна і з добрым настроем. Валачобнікі віталі жыхароў словамі «Хрыстос уваскрэс», спявалі Вялікодную песню, а гаспадары адказвалі: «Ваісціну ўваскрэс» і адорвалі валачобнікаў вялікоднымі прысмакамі.
 
«Каравайны абрад» (г.п. Астрына)

У АСТРЫНСКІМ ДОМЕ КУЛЬТУРЫ І ТЭАТРАЛЬНАЙ ТВОРЧАСЦІ АДРАДЗІЛІ КАРАВАЙНЫ АБРАД.

У сувязі з тым, што наш рэгіён увайшоў у бязвізавую зону, а праз Астрыну праходзяць турыстычныя маршруты, гэтыя народныя абрады могуць быць уключаны ў анімацыйную частку экскурсій. Гасцям Шчучыншчыны, безумоўна, цікава акунуцца ў мінулае тутэйшых мясцін, пранікнуцца духам аўтэнтычных традыцый дый паспытаць смак таго самага рытуальнага хлеба.

У каравайным абрадзе астрынчан задзейнічана 16 чалавек. Гэта людзі розных прафесій і ўзростаў, якіх аб’ядноўвае вялікая любоў да народнай творчасці, імкненне адрадзіць культурную і духоўную спадчыну сваіх продкаў. Абрад суправаджаецца прыгожымі песнямі – дзівосным трохгалоссем, народнымі прыказкамі і прымаўкамі. У планах самадзейных артыстаў паказаць каравайны абрад у культустановах аграгарадкоў і іншых населеных пунктаў раёна.

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники