Археалогія

Гарадзішча перыяду позняга сярэднявечча,

в.Галынка

         Мясцовая назва “Акоп”. За 0,3 км на захад ад вёскі, на правым беразе р.Нёман. Пляцоўка памерам 70×70 м узвышаецца над поймай ракі на 5 м. З захаду і поўначы захаваліся валы вышынёй 3 м. Абследавалі ў канцы 19 ст. Ф.В.Пакроўскі, у 1938-1939 гг. У.Галубовіч, у 1975 г. М.А.Ткачоў. Знойдзена ганчарная кераміка 14-16 стагоддзяў. Матэрыялы абследавання М.А.Ткачова захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.

 

Гарадзішча, каля хутара Зубраўка

         За 1 км на поўдзень ад хутара, злева ад дарогі ў в.Сухары, сярод балота. Пляцоўка амаль круглая, памерам 30×28 м, над балотам узвышаецца на 6-8 м, мае нахіл на поўдзень. З паўночнага боку ўмацавана валам вышынёй 1-1,5 м, шырынёй да 5 м. Схілы гарадзішча круглыя, культурны пласт слаба выражаны. Выявіў і абследаваў у 1984 г. А.М.Мядзведзеў.

 

Гарадзішча перыяду сярэднявечча, в.Кульбачына

За 0,8 км на захад ад вёскі, на левым беразе р.Астрынка. Пляцоўка авальная памерамі 70х55 м, абкружана валам з поўначы, усходу і поўдня вышынёй 3-3,5 м, з захаду 1-1,5 м, тут знаходзіўся ўезд на гарадзішча. Першым апісаў ў канцы 19 ст. Ф.В.Пакроўскі. Выявіў у 1968 г. В.В.Сядоў, абследаваў у 1975 г. М.А.Ткачоў. У 1989-1990 г. прарэзку вала здзейсніў С.А.Піваварчык. Прарэзка вала паказала, што ён насыпаны ў адзін прыём адначасова з наладжваннем жыцця на паселішчы ў канцы 10-пачатку 11 ст. і меў драўляныя ўмацаванні. Ядро вала з гліны, знешні схіл быў забрукаваны каменнямі. Выяўлена наземныя зрубавая канструкцыя жытла, блізкія да квадрата і зробленая з абчэсаных бярвенняў. Для ацяплення выкарыстоўваліся агнішчы і печкі-каменкі. Знойдзена выключна ганчарная кераміка канца 10-13 ст., на некаторых донцах клеймы – крыж у крузе. Пад час раскопак выяўлены прадметы побыту (нажы, рыбалоўныя кручкі, шылы, праселкі, фрагменты жорнаваў і тачыльных брускоў), упрыгожванні (бронзавыя фібулы, медныя пранізкі, шкляныя бранзалеты і пацеркі), узбраенне (утулкавы ланцэтападобны наканечнік дзіды, наканечнік стрэл).

 

Гарадзішча перыяду сярэднявечча, в.Турэйск

У вёсцы, на ўзвышанай градзе правага берага р.Нёман. Складаецца з некалькіх частак – заходняе і ўсходняе паселішчы. Заходняе паселішча — пляцоўка памерам 30х85 м, з поўначы і поўдня мае схілы(паўднёвы апускаецца да поймы Нёмана, паўночны да сучаснай вясковай вуліцы), з захаду і ўсходу абмежавана дугападобнымі равамі шырынёй 15-25 м і глыбінёй да 3,5 м. Абарончыя валы на паверхні не захаваліся, з паўночна-заходняга боку прасочваецца ўезд. Усходняе паселішча памерамі 100х30 м, без валоў, з паўночнага і ўсходняга боку прасочваецца роў.

Раскопкі гарадзішча праводзілі ў 1961-62 гг. К.Т.Кавальская і Г.І.Пех, у 1969-70 гг. Я.Г.Звяруга, у 2005 г. С.А.Піваварчык, у 2008 Ю.В. Юркавец. Устаноўлена, што гарадзішча было ўмацавана валам, пабудаваным пасля пажару, які знішчыў першапачатковае паселішча. Ад пляцоўкі гарадзішча вал аддзяляўся частаколам, паглыбленым у мацярык на 0,5-0,6 м. Жытлы былі наземныя. Выяўлены рэшткі печаў-домніц, вялікая колькасць абломкаў гліняных соплаў, крыцы, шлакі. Знойдзены прылады працы для апрацоўкі зямлі і палявання, рэчы ўзбраення воіна і рыштунку баявога каня, бытавы інвентар, упрыгожанні. З’яўляецца гарадзішчам старажытнага горада Турыйска(Турск), які ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1253 і 1276 гг. Датуецца 12-13 стагоддзямі.

Матэрыялы даследаванняў захоўваюцца ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі і на кафедры археалогіі УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”.

 

Гарадзішча перыяду сярэднявечча, в.Касцянёва

         На паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі на схіле ўзвышанага берага р.Касцянёўка. Пляцоўка круглая, дыяметрам каля 70 м, абкружана кальцавым валам вышынёй 2-3 м, які з усходу перарываецца ўездам. З усходу і поўначы сляды рова.

Першым апісаў у канцы 19 ст. Ф.В.Пакроўскі. “В 6 верстах на юг от Василишек, на левом берегу речки Костеневка, между речкой и д. Костенево, в 150 саженях от деревни в урочище «Бомбизовщина», есть городище круглой формы, площадь которого почти равна десятине; находится оно на горе и окружено с севера, востока и юга рвами и насыпными валами. На городище с незапамятных времен существует деревенское кладбище. Множество камней оригинальных форм с разными углублениями лежат здесь в некотором симметричном порядке, как будто покойники похоронены в одну линию. Камни эти покрыты мхом. На некоторых заметно что-то в роде рисунков зверей и птиц и вообще какие-то странные непонятные знаки. Форма некоторых камней до того оригинальна, что их можно принять за фетишей.”

Даследавалі ў 1969 г. В.В.Сядоў, у 1975 г. М.А.Ткачоў, у 1989 г. С.А.Піваварчык. Выяўлены абапаленыя камяні, частка згарэлай пабудовы, сляды паўзямлянкі прамавугольнай формы, рэшткі печкі-каменкі з керамікай 12-13 ст., металічныя вырабы (жалезная спражка 11-12 ст., нажы, рэшткі замка), шлак, косці жывёл, манета 16 ст. Раскопкі М.А.Ткачова паказалі, што вал тройчы падсыпалі, ён меў дубовыя ўмацаванні, унутраны схіл у 12 ст. быў забрукаваны. Гарадзішча з’яўлялася адным з паўночных абарончых пунктаў Панямоння, які быў разбураны ў 13 ст. Жыццё на гарадзішчы працягвалася да 16 ст. Матэрыялы даследаванняў знаходзяцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.

 

Каменные могільнікі, в. Вераб’і

         За 1,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Дзенькавічы, у лесе. Уяўляе сабой больш за 30 магілаў, абкладзеных камянямі. У часткі магілаў у іх заходняй частцы вялікія валуны, на некаторых прадрапаныя крыжы. Выявіў і абследаваў у 1975 г. М.А.Ткачоў. Матэрыялы абследавання захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.

 

Каменныя магілы, в.Сырні

За 1 км на паўднёвы захад ад вёскі, у лесе, ва ўрочышчы Круглік. На плошчы 70х50 м захавалася 13 магіл, 6 маюць каменныя абкладкі і тарцом пастаўленыя камяні, астатнія – толькі абкладкі. Адна магіла арыентавана па лініі поўнач-поўдзень, астатнія – захад-усход. Выявіў і абследаваў у 1891 гг. В.Шукевіч (раскапаў 4 магілы), абследавалі ў 1974 г. М.А.Ткачоў, у 1984 г. Я.Г.Звяруга.

 

Камень-следавік, в.Красулёва

         Размешчаны на скрыжаванні дарог, каля ўказацеля на в.Тумашоўцы. У ніжняй частцы выразныя тры прасвідраваныя адтуліны дыяметрам 5 см, глыбінёй да 2 см. Былое месца пакланення язычнікаў.

 

Курган перыяду сярэднявечча, в.Глебаўцы

         За 0,8 км на поўдзень ад вёскі, справа ад палявой дарогі. Першым апісаў у канцы 19 ст. Ф.В.Пакроўскі: “В расстоянии одной версты от городища Костенево, при д.Глебовцы виден большой курган, покрытый высокими и старыми деревьями. И здесь множество камней, еще более уродливых. По народному представлению, пространство между городищем и курганом было театром какого-то кровавого сражения, которое народ, по обыкновению, приурочивает ко времени шведской войны”. Абследаваў у 1975 г. М.А.Ткачоў.

 

Курганны могільнік перыяду ранняга сярэднявечча, в.Берагоўцы

         Паміж вёскамі Берагоўцы і Сарокі, у хваёвым лесе. Першапачаткова было 22 насыпы. Захалалася 18 насыпаў, выцягнутыя па лініі захад-усход. Тры курганы ў 1960 г. раскапала К.Т.Кавальская, адзін разбураны невядомымі асобамі ў 90-х гадах XX ст.; у 1975 г. візуальна даследаваў М.А.Ткачоў. У адным насыпе выяўлена пахаванне з абрадам трупаспалення. Знойдзены ляпная кераміка і жалезныя прадметы. Адносіцца да культуры тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны, датуецца 6-8 стагоддзямі. Матэрыялы даследаванняў захоўваюцца ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі.

 

Селішча перыяду жалезнага веку, в.Ваўчкі

         На ўсходняй ускраіне вёскі, на левым беразе р.Дайнароўка, прытока Нёмана. Плошча каля 0,75 га. Адкрыў і даследаваў у 1975 г. М.А.Ткачоў. Знойдзены фрагменты ляпной штрыхаванай керамікі. Датуецца пачаткам 1-га тыс. да н.э. Адносіцца да культуры штрыхаванай керамікі. Матэрыялы даследавання захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.

 

 

Селішча, г.п.Жалудок

         На правым беразе р.Жалудзянка, каля маста. Плошча каля 1 га. Абследавалі ў 1964 г. Л.Д.Побаль, у 1975 г. М.А.Ткачоў. Знойдзена ганчарная кераміка. Матэрыялы даследавання захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.

 

Селішчы 1 і 2, в.Яселевічы

Селішча 1. За 200 м на поўдзень ад вёскі, на правым беразе р. Лебяда, побач з сучаснымі вясковымі могілкамі. Выявіла і даследавала ў 1955 г. Ф.Д.Гурэвіч. Плошча 50х20 м. У абрыве берага прасочваецца культурны пласт до 0,4 м. Знойдзены апаленыя камяні, жалезныя шлакі, ганчарная кераміка. Датуецца 11-14 стст.

Селішча 2.За 0,8 км на поўдзень ад вёскі, на беразе р.Лебяда. Выявіў і даследаваў у 1975 г. М.А.Ткачоў. Плошча каля 1га. У абрыве берага культурны пласт да 0,5 м. Выяўлены абпаленае каменне, вуголле, попел, фрагменты ляпной штрыхаванай керамікі. У 1978 г. даследаваў А.Р.Мітрафанаў. Знойдзены посуд ранняга этапу штрыхаванай керамікі. Пераважаюць пасудзіны слоікавай формы, сустракаюцца пераходнага тыпу ад слоікавых да рабрыстых. Шмат жалезных шлакаў. Датуецца 6 ст.да н.э.- 2 ст.н.э.  Матэрыялы захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.

 

Стаянка перыяду бронзавага веку, в.Мацеўчукі

На паўднёвай ускраіне, на высокім правым беразе р. Лебяда. Выявіў і даследаваў у 1965 – 66 гг. М.М. Чарняўскі. Плошча 100х50 м, запаханая, культурны пласт да 0,8 м. Знойдзена кераміка і апрацаваныя крамяні бронзавага веку, у верхняй частцы культурнага пласта – рэшткі ганчарнай керамікі ранняга сярэднявечча.

 

Стаянкі перыяду каменнага веку, в.Бершты

         Стаянка-1:У цэнтры вёскі на паўднёва-ўсходнім беразе воз.Бярштанскае. Часткова знішчана. Выявіў і даследаваў у 1967 г. М.М.Чарняўскі. Знойдзены крамянёвыя прылады працы і абломкі гаршкоў з расліннымі дамешкамі ў гліне. Адносіцца да ранняга перыяду нёманскай культуры, датуецца 4-м тыс. да н.э. Матэрыялы даследавання захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.

         Стаянка-2:Размешчана 0,5-0,6 км на паўднёвы ўсход ад в.Бершты, на левым беразе р.Котра. Выявіў у 1967 г. М.М.Чарняўскі. У 1994-1995 гг. раскопкі праводзіў В.Л.Лакіза. Выяўлены крамнёвыя прадметы (наканечнікі стрэлаў, скрабкі, разцы) і фрагменты ляпнога глінянага посуду.

 

 

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники