У нашых слаўных шчучынскіх майстрых – супрацоўніц аддзела рамеснай дзейнасці і народнай творчасці РЦКіНТ – перадсвяточныя тыдні былі надзвычай напружаныя.

У выніку наша сувенірная лаўка папоўнілася новымі эксклюзіўнымі сувенірамі ручной работы, цікавымі вырабамі, якія можна заказаць. Карыстаецца папулярнасцю і наша выстава “Пасхальные узоры”.

Але перад тым шчучынцы здзівілі сваімі рукатворнымі шэдэўрамі ўдзельнікаў і гасцей рэгіянальнага фестывалю-кірмашу “Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня”. Напрыклад, тая ж Вольга Каранкевіч удзельнічала ў конкурсе “Велікодны падарунак” і па яго выніках была ўдастоена дыплома “За паспяховае эксперыментаванне з прыроднымі матэрыяламі”.

Узнагароджаны дыпломам фестывалю і аддзел у цэлым. Яшчэ б! Тут што ні супрацоўнік – то персона. Напрыклад, Вольга Роліч бліскуча правяла на фестывалі майстар-клас па саломапляценні. У захапленні спыняліся аматары народнай творчасці ля вышыванак у аўтэнтычным стылі, аўтары якіх – выдатныя майстрыхі і знаўцы этнаграфіі Наталля Лябецкая і Таццяна Лебядзевіч. А якія цудоўныя падарункавыя наборы вырабіла Ірына Менская-Асмалоўская, што не на жарт захоплена мылаварэннем! Яе дэкаратыўнае мыла для велікоднага прэзента – гэта птушачкі, кураняткі, зайчыкі…

Дарэчы, аб птушках: сярод папулярных сувеніраў – жаўрукі з льняной тканіны, яйкі, распісаныя па казачных сюжэтах ад шчучынскага мастака Юрыя Сяргея, сувенірныя велікодныя паштоўкі. Не выпадкова шчучынскія майстры ўжо атрымалі новае запрашэнне – паўдзельнічаць са сваімі самабытнымі работамі ў рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Вясновы букет” у Мінску. А яшчэ плануюць паехаць на традыцыйны рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур ў Гродна і на Купалле ў Александрыю. Вядома ж, не з пустымі рукамі, а з крэатыўнымі творамі народнага мастацтва. Таму наперадзе ў іх не толькі святы, але і вялікая праца, якая гэтым апантаным энтузіястам толькі ў радасць.

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники