Вобраз Беларусі, нібы пазл, складаецца з элементаў «жывой спадчыны», кожны з якіх — гэта своеасаблівы ідэнтыфікатар нашай нацыянальнай культуры. Інтэрнэт-праект «З крыніц спрадвечных» прэзентуе элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны на Шчучыншчыне, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Мастацтва ручнога ткацтва, аўтэнтычныя танцы, асаблівыя сакрэты вырабу велікодных атрыбутаў — гэтыя і іншыя традыцыі не забываюцца дзякуючы іх носьбітам, дзякуючы бесперапыннай сувязі, якая існуе паміж пакаленнямі. І калі традыцыі запатрабаваныя сучаснікамі — яны жывыя …
Праект уключае ў сябе стварэнне ролікаў, відэа-прэзентацый, якія асвятляюць, з мэтай папулярызацыі, творчасць носьбітаў элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Шчучынскага раёна, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
“Дэмбраўская кадрыля”
На тэрыторыі Шчучынскага раёна вялікую папулярнасць атрымаў танец «Дэмбраўская кадрыля», які быў адноўлены ў 1972 годзе мясцовымі жыхарамі аг. Дэмбрава і ўяўляе сабой узор культурнай самабытнасці дадзенага рэгіёну. Выконваецца на 6 пар. У кадрылі калены ідуць без перапынку і іх аб’яў. Асобныя фігуры выконваюцца тройкамі. Для кадрылі характэрна хуткая змена разнастайных фігур і малюнкаў (лінія ручаёк, калона), а таксама розныя пераходы, змена партнёраў, абход адзін аднаго, парамі і інш. Сёння кадрыля выконваецца ўдзельнікамі ўзорнага фальклорнага калектыва “Скарбоначка” Дэмбраўскага сельскага Дома фольклору.
Адпаведна выпісцы з пратакола пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь ад 05.03.2019 года №04-01-02/1 нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу нематэрыяльна-культурнай спадчыны «Мясцовы танец «Дэмбраўская кадрыля» у аграгарадку Дэмбрава Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці.