Калектыў выкладчыкаў ДУА “Шчучынская дзіцячая школа мастацтваў” парадаваў слухачоў папулярнымі і любімымі кампазіцыямі ў народнай інтэрпрэтацыі. У 1995 годзе аркестр атрымаў званне “Народны аматарскі калектыў” і з гэтым ганаровым званнем працягвае радаваць слухачоў і па сённяшні дзень. У рэпертуар увайшлі шматлікія класічныя творы, музыка з любімых савецкіх фільмаў, сучаснага папулярнага кіно і вядомыя ўсім мелодыі ваенных часоў. У суправаджэнні аркестра народны вакальны ансамбль “Рапсодыя” выканаў песню “Шчучынскі вальс” кампазітара Суеціна. Не абышлося мерапрыемства без народных твораў. Пад акампанемент аркестра навучэнцы харэаграфічнага аддзялення школы мастацтваў выканалі беларускі народны танец “Весялуха”.