
У нядзелю з самай раніцы шчучынцы і госці горада спяшаліся на плошчу Свабоды, каб разам адзначыць беларускае народнае свята Масленіца і правесці зіму. Дзяўчыны ў нацыянальных касцюмах сустракалі ўсіх з ветлівай усмешкай і частавалі смачнымі блінамі і чарачай гарбатай. Удзельнікі свята з задавальненнем фатаграфаваліся ля фігур матрошак, правяралі сваю трапнасць у ціры, падымалі гіру, гулялі ў дартс, забівалі на хуткасць цвікі ў калодку. Дзятва каталася на мініяцюрным цягніку і забаўлялася на гульнявых пляцоўках. У “Горадзе майстроў” ажыўлена ішоў гандаль. Тут можна было набыць работы народных умельцаў: вырабы з дрэва, цацкі, упрыгажэнні і многае іншае.
Самыя смелыя і вынослівыя імкнуліся пакарыць высачэзны драўляны слуп, на вяршыні якога пераможцу чакаў прыз.
На сцэне ладзілася сапраўдная тэатралізаваная імпрэза, падчас якой сутрэліся Зіма і Вясна. Дзве сястрыцы вырашалі, чыя пара валадарыць, і ў гэтым ім дапамагалі шчучынцы. Таксама гучала шмат песень і жартаў, таму вясёлы настрой і пазітыўная атмасфера пранізвалі кожнага.
Кульмінацыяй свята стала традыцыйнае спальванне пудзіла – сімвала развітання з зімой.