
Удзельнікі фестывалю прадставілі 16 песенных нумароў. Многія раскрывалі тэму патрыятызму праз песні аб подзвігах і героях Вялікай Айчыннай вайны. Гучалі творы пра сямейныя каштоўнасці, цудоўную прыроду роднага краю, слаўнае мінулае і традыцыі.
Канкурсанты выступалі ў дзвюх узроставых катэгорыях – вучнёўская і працоўная моладзь. Таксама выступы былі падзелены на намінацыі “Вакальная група” і “Саліст-вакаліст”, асобна члены журы вызначалі лепшы творчы нумар – гран-пры фестывалю “Голас пакаленняў”.
Пераможцай сярод вучнёўскай моладзі ў намінацыі “Саліст-вакаліст” стала салістка студыі эстраднага вакалу “Галасы Элегіі” Палаца творчасці дзяцей і моладзі Анастасія Бекіш, лепшым у намінацыі “Вакальная група” названы квінтэт “Апрель” ПТДіМ. Сярод працоўнай моладзі лепшым у намінацыі “Саліст-вакаліст” стаў супрацоўнік ЦРБ Уладзіслаў Пазняк, а прадстаўнікі Шчучынскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Анжаліка Плішкова і Валерыя Назарава прызнаны лепшай вакальнай групай. Гран-пры фестывалю рашэннем журы ўручаны намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі горада Шчучына Наталлі Сямашка.
Сертыфікаты ўдзельнікам і пераможцам фестывалю ўручыў першы сакратар Шчучынскай раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Дзмітрый Чывіль.