Правесці зіму і гукаць вясну прышлі шматлікія гараджане і госці райцэнтра. З самага ранку па наваколлі луналі беларускія народныя песні. Карабейнікі прапаноўвалі ўсім жадаючым прыняць удзел у латарэі і выйграць смачныя прызы ад Шчучынскага філіяла ААТ “Малочны Мір”.
На святочных падворках чаго толькі не было: гарачыя бліны і іншая выпечка, духмяныя шашлыкі, калбасныя вырабы, мёд, дамашняе сала, варэнне і саленні, квас і чай… Гаспадыні ў нацыянальных касцюмах з цёплай усмешкай віталі ўдзельнікаў свята і частавалі рознымі прысмакамі і стравамі, прыгатаванымі на Масленіцу.
У горадзе майстроў таксама было ажыўлена. Тут можна было набыць работы народных умельцаў.
Для маленькіх удзельнікаў свята працавалі атракцыёны і гульнявыя пляцоўкі. Самыя смелыя і вынослівыя імкнуліся пакарыць высачэзны драўляны слуп, на вяршыні якога пераможцу чакаў прыз.
На сцэне ладзілася тэатралізаваная імпрэза. У госці да шчучынцаў завіталі Зіма і Вясна. Гучала шмат песень і жартаў, таму настрой ва ўсіх быў выдатны. Шчучынцы пускаліся ў пляс і вадзілі веснавыя карагоды. Кульмінацыяй свята стала традыцыйнае спальванне пудзіла.