З дзіцячымі ўсмешкамі, цікавымі конкурсамі і прэзентацыяй сямейных традыцый у Шчучынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў фестываль “Сем’і за мір і стварэнне”. Мерапрыемства прайшло Напярэдадні Міжнароднага дня сям’і і сабрала ўдзельнікаў з розных населеных пунктаў нашага раёна. У фестывалі прынялі ўдзел ганаровыя госці: начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Навіцкі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Вераніка Дысько, начальнік аддзела запісу актаў грамадзянскага стану Ларыса Міхно, першы сакратар Шчучынскага раённага камітэта БРСМ Віталія Селівончык і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна Святлана Шанчук.
Праграма фестывалю была падзелена на некалькі частак. Так, на пачатку мерапрыемства для дзяцей быў арганізаваны майстар-клас “Падары ўсмешку маме”. Дзяўчынкі і хлопчыкі рабілі дэкаратыўныя вырабы, а тым часам іхнія бацькі ўзялі ўдзел у адкрытым дыялогу “Дыялог дзяржавы і сем’яў – шлях да міру і стварэння”.
Асноўную частку мерапрыемства заняла інтэлектуальная гульня, якая прайшла ў некалькі раўндаў. Удзельнікі адказвалі пытанні, працягвалі прыказкі, адгадвалі мелодыі і вырашалі задачы на логіку.
Для жадаючых спецыялісты цэнтра культуры правялі экскурсіі па музейных пакоях установы.