У цэнтры вёскі. Пабудавана ў пачатку 19 ст. з дрэва. Прамавугольны ў плане асноўны аб’ём і алтарная частка накрыты асобнымі вальмавымі дахамі. Над франтонам заходняга фасада чацверыковая вежачка пад пакатым шатром. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі.
На сённяшні дзень у Беларусі засталося не так шмат помнікаў драўлянага дойлідства, асабліва 19 ст., гэта звязана з шматлікімі ваеннымі падзеямі, прыроднымі з’явамі і асаблівасцямі такога будаўнічага матэрыяла, як дрэва.
Царква Святой Параскевы Пятніцы ўяўляе сабой яскравы прыклад культавага драўлянага дойлідства пачатку XIX ст. Адметная асаблівасць менавіта гэтага храма – простасць і лаканізм, адсутнасць вынаходстваў у дэкоры ў спалучэнні з гарманічнай саразмернасцю і сіметрычнасцю архітэктурных элементаў.