Пабудаваны ў 1863-1865г. у цэнтры горада на месцы былой капліцы. Храм асвяцілі 22 кастрычніка 1865г. Працай кіраваў царкоўна-будаўнічы камітэт у складзе прадстаўнікоў царскай адміністрацыі: ваеннага начальніка Лідскага павета капітана лейб-гвардыі Прэабражэнскага палка У.Ф.Панюціна, маёра корпуса жандармаў В.М.де-Лазары, міравых пасрэднікаў 1 і 2 участкаў Лідскага павета П.А.Ушакова і П.А.Балагоўскага, З.В.Балагоўскай ды рукадзельніцы А.А.Усавай. Мураваная царква ў псеўдарускім стылі каштавала 4651 руб. 64 кап. казённых грошай і была разлічана на 200 чалавек. На патрэбы шчучынскай царквы адбыўся збор сродкаў у Тамбоўскай губерні, які даў каля 200 руб. Асобныя ахвяраванні зрабілі гвардыі капітан Панюцін і князь Мяшчэрскі. У 1872 г. на сродкі старасты шчучынскай царквы, міравога пасрэдніка 2 участка Паўла Аляксандравіча Балгоўскага вакол царквы была зроблена агароджа, якая каштавала 274 руб. 65 кап.
Мураваны храм. Канічная падоўжна-восевая кампазіцыя царкоўнага будынка складаецца з кубападобнага аб’ёму малітоўнай залы, пяціграннай апсіды, кароткай трапезнай і прытвора званніцы. У сілуэце будынка пануюць шатры з цыбулепадобнымі купаламі над асноўным аб’ёмам і васьмерыком званіцы. У дэкоры фасаду выкарыстаны запазычаныя са старажытна-рускага царкоўнага дойлідства кілепадобныя какошнікі-закамары, руставаныя вуглавыя лапаткі, кілепадобныя ліштвы высокіх арачных аконных праёмаў, аркатурныя фрызы, рэльефныя крыжы. У інтэр’ры абсіда вылучана драўляным іканастасам. Шануецца абраз “Маці Божая Хуткапаслушніца”, якая знаходзіцца ў храме з часу яго асвячэння.