Свята-Раства-Багародзіцкая царква-крэпасць абарончага тыпу, в.Мураванка

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1524 г. з цэглы. Значна пашкоджана ў 1656г. ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, праз некалькі гадоў адноўлена. У 1706 г. храм трапіў пад гарматны абстрэл шведскага войска Карла ХІІ і ў пашкоджаным стане спустошаны стаяў да пачатку 19 ст., калі зноў быў адноўлены. Выгляд храма значна зменены ў час капітальнага рамонту 1871 –72 гг. У 1920-я гг. царква была перароблена ў касцёл. Адкрыта ў 1990 г.309824_original-600-x-400

Складаецца з высокага прамураванага, амаль квадратнага ў плане аб’ёму малітоўнай залы (15х13.5 м), накрытага стромкім чарапічным дахам, шырокай, але больш нізкай паўкруглай апсіды, якая выступае з усходняга боку храма і накрыта кананічным дахам. Галоўны фасад расчлянёны 3 вялікімі лучковымі нішамі з акном-ружай у цэнтры, завершаны высокім фігурным франтонам, крапаваным у 3 ярусы рэнесанснай аркатурай, пад прафіляваным карнізам фасада – 2 рады байніц. Сцены выкладзены ў тэхніцы гатычнай муроўкі (чаргаванне руба і старчака) з брусковай цэглы з бароздкамі. Храм-цытадэль узнята на магутны высокі (2,4 м) падмурак з неапрацаваных камянёў на вапнава-пясчанай рошчыне. Высокі 2-схільны дах у якасці дахавага матэрыялу меў плоскую чарапіцу чырвонага колеру з адным закругленым бокам (захавалася часткова). Магутны будынак фланкіраваны па вуглах абарончымі цыліндрычнымі шатровымі вежамі, у якіх былі зроблены байніцы. У 1817 г. і ў 1871 — 72 гг. да галоўнага фасада прыбудаваны нізкі прытвор з дэкаратыўнымі вежачкамі ад фронту, на адзін ярус узнята заходняя пара вежаў, дах, нанава выкладзены вонкавыя карнізы сцен, павялічаны аконныя праёмы, закладзена частка байніц, атынкаваны шчыт галоўнага фасада, ніжнія і верхнія часткі бакавых сцен і апсіда. Да пачатку 19 ст. над уваходам былі апускныя дзверы-герсы. Каларыстычны эфект архітэктуры храма дасягаецца выразным спалучэннем чырвоных цагляных сцен з атынкаванымі нішамі (характэрны прыём беларускай готыкі), прафіляванымі ліштвамі арачных аконных праёмаў і байніц. Маляўнічнасці архітэктуры будынка садзейнічала выкарыстанне дэкаратыўнага паяска шахматнага арнаментальнага малюнка, спараных аркатурных ніш, прафіляванага карніза.

Малітоўная зала храма чатырма 8-граннымі слупамі з прафіляванымі базамі і капітэлямі падзелена на 3 аднолькавай вышыні нефы, добра асветлена высока ўзнятымі арачнымі са стромкімі адхіламі аконнымі праёмамі ў паўцыркульных нішах. Цэнтрычны неф і апсіда перакрыты складанымі зорчатымі скляпеннямі з прафіляванымі дэкаратыўнымі нервюрамі, бакавыя – сотавымі. Скляпеністыя травеі вылучаюцца цыркульнымі падпружнымі аркамі. Больш нізкая за залу паўкруглая апсіда раскрываецца шырокім фігурным прасветам з нязначнай стральчатай выцягнутасцю. Над уваходам хоры, якія апіраюцца на 2 заходнія слупы. У паддашшы над скляпеннямі праходзіла баявая галерэя. У цнтры залы пад падлогай скляпеністыя сутарэнні, у якіх у старажытнасці захоўвалі зброю, боепрыпасы, царкоўныя каштоўнасці. У адрозненне ад аднатыпных храмаў гэтага часу інтэр’ер царквы быў пазбаўлены фрэскавай размалёўкі і быў пакрыты танірованай тынкоўкай.

Помнік абарончага дойлідства сімбіёзнага гатычна-рэнесанскага стылю.

 

 

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники