У 1896г. закладзены касцёл Святога Станіслава і дом святара. Будавалі з адборнай цэглы, бракованыя цагліны збіралі асобна. З нязручнай цагліны ля касцёла была пабудавана частка сельскіх домікаў. Першым Святаром быў Юзаф Шкоп. Касцёл адносіўся да лідскага дэканата і налічваў каля 5800 вернікаў.
Пад час кіравання савецкай улады касцёл не быў закрыты, дзейнічаў. Пры правядзенні опісу ў 1983г. было зарэгістравана 53 прадмета, якія маюць гісторыка-мастацкія адметныя якасці, датаванне якіх хіляецца ад XVIII да ХХст. На рубяжы ХХ-ХХІ ст. быў чатскова адрамантаваны.
Помнік архітэктуры неаготыкі. Прамавугольны ў плане неатынкаваны цагляны аб’ём пераходзіць у пяцігранную апсіду. Накрыты двухсхільным дахам, які над абсідай фланкіраваны чацвярыковымі шатровымі сігнатуркамі-фіяламі. Будынак узняты на высокі цокаль, выкладзкны з буйных вапнавых блокаў, на якіх адзначаны імёны фундатараў і ахвяравальнікаў. На галоўным фасадзе ўзвышаецца двух’ярусная (чацвярык на васьмерыку) завершаная высокім шатром званіца. Фасады прарэзаны вокнамі-біфорыумамі з “ружамі” ў агульных стральчатых, выкладзеных лякальнай цэглай ліштвах; дэкарыраваны аркатурнымі паясамі, круглымі разеткамі-трохсхільнікамі, раскрапаваны лапаткамі. Галоўны і 2 бакавыя ўваходы аформлены стральчатымі перспектыўнымі парталамі. Унутры касцёл падзелены слупамі на 3 нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі.
Драўляны разны алтар імітуе форму галоўнага фасада гатычнага храма. У цэнтры алтара ікона “Божая літасць”, выкананая ў алейнай тэхніцы па канонах акадэмічнага жывапісу.