Як жыць – дык жыць для Беларусі. 100-годдзе стварэння БССР адзначылі ў Шчучыне

Стагоддзе прайшло з таго моманту, калі беларускі народ сустрэў важную падзею ў сваім жыцці: першыя і ўпэўненыя крокі ў гісторыі рабіла створаная Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Мяняліся пакаленні і грамадскі лад, але гэта падзея назаўсёды застаецца ў летапісе роднай зямлі, таму што гэта наша вера, надзея, гісторыя.

У чацвер, у рамках святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і Камуністычнай партыі Беларусі, у Шчучынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся ўрачысты сход. У фае ўдзельнікаў мерапрыемства сустракаў аркестр народных інструментаў і выстава, якая акунала ў пасляваенную гісторыю БССР.

У святочнай зале сабраліся людзі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё Шчучынскага раёна, чые заслугі былі адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі. Разам з імі знакавую падзею ў жыцці беларускай дзяржавы адзначылі прадстаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, грамадскіх аб’яднанняў, дэпутаты, моладзь.

Адкрываючы мерапрыемства, намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта адзначыла, што ў лёсе нашай Радзімы ёсць даты, якія аб’ядноўваюць людзей самых розных поглядаў і меркаванняў, выклікаюць пачуццё гонару за бацькоў і дзядоў, напаўняюць сэрца верай, нязломнай сілай народнага духу. Адна з такіх дат — 1 студзеня 1919 года — Дзень утварэння БССР, што з’явілася пачаткам рэальнага станаўлення беларускай нацыянальнай дзяржавы. Сінявокая ўпершыню здабыла ўсе асноўныя атрыбуты дзяржаўнасці: тэрыторыю з выразнымі межамі, адміністрацыйны падзел, органы ўлады ў цэнтры і на месцах, уласную сістэму заканадаўства, міжнароднае прызнанне.

Алена Васільеўна Пасюта, намеснік старшыні райвыканкама, павіншавала ўсіх прысутных са святам і падзякавала за добрасумленную працу ў імя будучых пакаленняў. Яна пажадала суверэннай Рэспубліцы Беларусь працвітання, жыхарам Шчучыншчыны — моцнага здароўя і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Пра гісторыю Беларусі за мінулыя 100 гадоў з дня ўтварэння БССР расказаў і святочны канцэрт, падмацаваны фота- і кінахронікай і вядомымі вершамі беларускіх паэтаў, якія прызнаваліся ў любові да нашай Радзімы — Беларусі. Урачыстае мерапрыемства дазволіла за гадзіну пражыць і прачуць векавую гісторыю БССР і яшчэ раз нагадала: калі лёс чалавека залежыць ад яго самаго, то лёс краіны залежыць ад кожнага з яе жыхароў. Разам мы можам зрабіць Беларусь яшчэ мацнейшай і больш прыгожай.

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники