Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці і 74-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прайшлі і на Шчучыншчыне.

Дзень Незалежнасці – свята, якое стала ўвасабленнем мужнасці, сімвалам яднання беларускага народа. Святочны настрой яшчэ да пачатку мерапрыемства ствараў духавы аркестр раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Актывісты БРСМ раздавалі ўсім прысутным бутаньеркі. Ветэраны, кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў, моладзь накіраваліся да брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан, што ў гарадскім скверы. Разам сабраліся прадстаўнікі розных пакаленняў. Іх раздзяляе час, але аб’ядноўвае адна агульная радасць – краіна, у якой мы жывем, свабодная і незалежная.

Аддаючы павагу дзяржаўнай сімволіцы, урачысты мітынг пачаўся ўзняццем Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Права падняць сцяг прадастаўлена былому кіраўніку калгаса «Бальшавік» С.В. Лянцэвічу, старшыні Шчучынскай раённай піянерскай арганізацыі. Т.С. Трахімчык і навучэнцу ўстановы адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны палітэхнічны каледж», дыпламанту першай ступені рэспубліканскіх спаборніцтваў па ракетамадэльным спорце ў класе мадэляў S-7 Максіму Пянькоўскаму.

Са святам шчучынцаў і гасцей горада павіншаваў старшыня райвыканкама С.В. Ложэчнік. Ён адзначыў, што гісторыя Беларусі занатавала на сваіх старонках шмат важных падзей, святаў і дат, аднак асаблівае месца займае Дзень Незалежнасці, адзначаючы які мы звяртаемся да вытокаў дзяржаўнасці, намячаем новыя рубяжы, будуем новыя планы. Асаблівую падзяку Сяргей Васільевіч выказаў ветэранам, якія ўнеслі свой неацэнны баявы і працоўны ўклад у сённяшнюю незалежнасць радзімы.

З галоўным святам краіны ўдзельнікаў урачыстых мерапрыемстваў павіншавала прадстаўніца маладога пакалення, настаўніца сярэдняй школы №1 горада Шчучына Д.В. Дзядовіч і пажадала поспехаў у стваральнай працы на карысць сваёй малой радзімы.

Традыцыйна ў Дзень Незалежнасці ў раённую кнігу Славы заносяцца звесткі аб земляках, якія ўнеслі значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна, або здзяйснілі подзвіг ці гераічны ўчынак. На гэты раз кніга Славы папоўнілася імёнамі М.А. Асмалоўскага, былога дырэктара Прудзянскай базавай школы, заслужанага настаўніка БССР (пасмяротна) і С.В. Лянцэвіча, былога кіраўніка калгаса «Бальшавік», узнагароджанага ордэнам «Працоўнага Чырвонага Сцяга», ордэнам «Дружбы народаў», медалём «За працоўныя заслугі». Пасведчанні і падарункі родным М.А. Асмалоўскага і С.В. Лянцэвічу ўручыў старшыня райвыканкама С.В. Ложэчнік.

Хвіліна маўчання… Упэўнены, ветэраны прыгадалі сваіх баявых таварышаў, ваенныя шляхі-дарогі… А, магчыма, перанесліся ў думках у тыя страшныя гады. У задуменні – моладзь. На шчасце, юнакі і дзяўчаты не чулі грукатання кананад. Яны жывуць у мірнай краіне, за якую цяпер у адказе.

На брацкую магілу загінуўшым воінам кладуцца кветкі і вянкі, у памяць аб іх гучыць зброевы залп.

Пасля мітынгу ўрачыстыя мерапрыемствы прадоўжыліся ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Установы адукацыі раёна знаёмілі шчучынцаў з музейнымі экспазіцыямі і гісторыяй роднага краю. Госці і жыхары горада любаваліся выставай работ майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, маглі азнаёміцца з работамі навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў, працавалі кніжныя выставы.

У фае гучалі музычныя кампазіцыі, якія прымусілі ўсіх апынуцца ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Разам з артыстамі, якія выконвалі песні таго перыяду, гледачы “прайшлі” да вызвалення Беларусі і Вялікай Перамогі. Далей на ўпрыгожанай сцэне пачалася канцэртная праграма, якая прайшла ў атмасферы шчырасці і сардэчнасці, на хвалі добрага настрою. Музычныя нумары гучалі ў выкананні народных калектываў Шчучынскага раёна.

У гарадскім скверы раскінулася “Палявая кухня”, госці і жыхары горада частаваліся салдацкай кашай, смакавалі стравы беларускай кухні. Актыўна працаваў выяздны гандаль.

 Вечарам шчучынцаў чакала канцэртная праграма салістаў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Разам з лепшымі салістамі Шчучыншчыны на галоўнай пляцоўцы свята выступіла мінская група “Спадчына”. А галоўнае свята краіны завяршылася  рэспубліканскай акцыяй “Споём гимн вместе”.

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники