У свята святочных людзей: узнагароды, песні, аўтарскае светлавое шоу і нават сярэбраны дождж

Сёння работнікі культуры з нагоды свайго прафесійнага свята ўстроілі ў РЦКіНТ цудоўную імпрэзу “Жыві, мая прафесія, жыві!” Колькі ж пяшчоты да любімай справы, яскравых талентаў, здаровага гумару лучылася са сцэны, дзе была прадстаўлена шырокая палітра жанраў, дзе кожны з выступоўцаў – сапраўдны артыст і Асоба з вялікай літары.

Павіншаваць работнікаў культуры прыйшла намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Алена Пасюта.

— У вас выдатная прафесія. Яна вымяраецца апладысментамі ўдзячнай публікі, добрымі ўсмешкамі і вясёлымі агеньчыкамі ў вачах гледачоў, — звярнулася да прысутных Алена Васільеўна. – Сёлетні год аказаўся не з лёгкіх, але вы не разгубіліся: вы так жа плённа працавалі нават ва ўмовах пандэміі, радуючы нас сваёй творчасцю на інтэрнэт-пляцоўках, удзельнічалі і перамагалі ў міжнародных онлайн-конкурсах. Працягвайце і далей у сацыяльным сеціве фарміраваць імідж нашага раёна як асяродка высокай культуры і духоўнасці.

А.В. Пасюта пажадала ўсім добрага здароўя і новых творчых дасягненняў. З задавальненнем яна ўручыла ўзнагароды за высокі прафесіяналізм дырэктару раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Святлане Жвірбля, загадчыцы Васілішкаўскага цэнтра культуры Алене Лысеня, а загадчыца Астрынскай гарпасялковай бібліятэкі Святлана Ушкевіч прымала дыплом “Лепшая бібліятэка года” па выніках абласнога спаборніцтва.

Шчыра павіншавала калег з прафесійным святам і намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Цюсіна, уручыла Ганаровыя граматы аддзела шэрагу работнікаў, якія захоўваюць і памнажаюць нашу народную спадчыну.

Напярэдадні Дня маці тут не забылі ўшанаваць сваіх калег — мнагадзетных матуль. Старшыня прафсаюзнай “пярвічкі” Аксана Семыкіна ўручыла жанчынам падарункавыя сертыфікаты. Чакаў сюрпрыз — сувеніры і віншаванні — і маладога спецыяліста Валерыю Андрушка, якая па накіраванні прыехала працаваць у Жалудоцкую дзіцячую школу мастацтваў.

Сапраўдным падарункам для ўсіх стаў цудоўна падрыхтаваны канцэрт, дзе гучалі лірычныя песні, разыгрываліся дасціпныя сцэнкі, у самае яблычка трапляла парадыйнае аўтарскае слова. А вось фінальны выхад артыстаў уразіў нечаканым … сярэбраным дажджом. Але і гэта было яшчэ не ўсё! Эфектным светлавым шоу здзівіў калег аператар Генадзь Панін.  Што й казаць, у Шчучынскім цэнтры культуры і народнай творчасці працуюць сапраўдныя прафесіяналы.

Са святам, сябры, з Днём работнікаў культуры!

 

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники