У раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны Дню работнікаў культуры

У нядзелю, 13 кастрычніка, работнікі культуры адзначаць сваё прафесійнае свята. Але яго подых адчуваўся ўжо сёння: у раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся ўрачысты сход, прымеркаваны да гэтай падзеі. Арганізатары прадугледзелі ўсё, каб падараваць добры настрой прысутным у зале. Атмасфера была надзвычай цёплая, а аўдыторыя жывая і ўдзячная: на свята прыйшлі і прыехалі прадстаўнікі ўсіх устаноў культурнай сферы раёна, людзі самых розных творчых, і не толькі, прафесій, а таксама ганаровыя госці. На працягу усёй імпрэзы гучала многа добрых слоў, музыкі, песень.

Словы шчырай удзячнасці работнікам культуры раёна за прафесіяналізм, любоў да мастацтва і жаданне несці яго ў масы, за талент і ўменне духоўна ўзбагачаць іншых выказала старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк. Цёплымі словамі прывітала кіраўнік і ветэранаў працы.

Таленавітымі людзьмі, здольнымі бачыць у звычайных рэчах прыгожае, адметнае і незвычайнае, назвала работнікаў культурнай нівы Шчучыншчыны намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Алена Васільеўна Пасюта. «У жыцці вельмі шмат прозы, а хочацца лірыкі», — адзначыла яна, звяртаючыся да прысутных, і пажадала не страчваць творчага імпэту, развіваць таленты, захоўваць і памнажаць скарбы нацыянальнай культуры.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Васільеўна Ганчарук падкрэсліла: віноўнікам урачыстасці – педагогам, музыкантам, бібліятэкарам, прадстаўнікам іншых творчых і крэатыўных  прафесій — ёсць чым ганарыцца. Сёння на Шчучыншчыне 16 калектываў са званнямі «народны» і «узорны». Асобныя ўстановы ўжо даўно пакідаюць свой адметны след на ніве культуры і мастацтва. У прыватнасці, 2019 год стаў юбілейным для Астрынскай гарпасялковай бібліятэкі, якая з’яўляецца равесніцай нашай вобласці. На працягу 30 год радуюць творчасцю непаўторныя «Медуніцы» і «Промень». 157 перамог у конкурсах рознага ўзроўню – ад абласнога да міжнароднага — дабавілі ў скарбонку дасягненняў выхаванцы дзіцячых школ мастацтваў.  А ўлада ў сваю чаргу ўсё робіць для таго, каб юным талентам было камфортна развіваць свае здольнасці. Так, у хуткім часе запросіць у абноўленыя сцены Шчучынская ДШМ, заўважныя змены чакаюць і іншыя аб’екты культуры.

І, канешне, на свяце не абышлося без абавязковага атрыбуту такіх урачыстасцей – узнагарод. І быў сапраўдны іх россып! Ушанавалі вопытных супрацоўнікаў, уручылі падарункі маладым, якія толькі становяцца на крыло.

Напярэдадні яшчэ аднаго душэўнага свята – Дня маці – не забылі і пра мнагадзетных матуль, якія працуюць ва ўстановах культуры раёна.

Прыгожае свята для ўсіх работнікаў культуры  ладзілі, канешне, іх жа калегі з РЦКіНТ. Музычныя падарункі «уручылі» ўсім прысутным Таццяна Ціцяк, Дар’я Бачко, Дзмітрый Паварго, Марыя Сідаровіч, Юрый Барысевіч,  Валянціна Маркевіч, Анастасія Тарас, Ганна Баранава, Юлія Ганчарук.Спявалі яны прыгожа, узнёсла – заслухаешся!

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники