У Астрынскім Доме культуры і тэатральнай творчасці адрадзілі каравайны абрад

-Мы не першы раз бяромся за такую адказную і пачэсную справу, як адраджэнне народных традыцый. На гэты раз паэтычны тэатр “Волат” вырашыў аднавіць каравайны абрад, калі напярэдадні вяселля ў хаце нявесты збіраліся лепшыя каравайніцы і выпякалі рытуальны хлеб, – дзеліцца рэжысёр Астрынскага Дома культуры і тэатральнай творчасці Ірына Шандроха. – З гэтай жа пастаноўкай мы нядаўна з гонарам пацвердзілі званне народнага, якое больш за дзясятак год носіць наш калектыў.

У “калекцыі” адроджанай астрынскімі энтузіястамі культурнай спадчыны – “Гуканне вясны”, “Хадзіць у жачкі”, калядны абрад. У сувязі з тым, што наш рэгіён увайшоў у бязвізавую зону, а праз Астрыну праходзяць турыстычныя маршруты, гэтыя народныя абрады могуць быць уключаны ў анімацыйную частку экскурсій. Гасцям Шчучыншчыны, безумоўна, цікава акунуцца ў мінулае тутэйшых мясцін, пранікнуцца духам аўтэнтычных традыцый дый паспытаць смак таго самага рытуальнага хлеба.

У каравайным абрадзе астрынчан задзейнічана 16 чалавек. Гэта людзі розных прафесій і ўзростаў, якіх аб’ядноўвае вялікая любоў да народнай творчасці, імкненне адрадзіць культурную і духоўную спадчыну сваіх продкаў. Абрад суправаджаецца прыгожымі песнямі – дзівосным трохгалоссем, народнымі прыказкамі і прымаўкамі. У планах самадзейных артыстаў паказаць каравайны абрад у культустановах аграгарадкоў і іншых населеных пунктаў раёна.

А ў гэтыя дні творчы састаў народнага паэтычнага тэатра “Волат” збіраецца ў адзін з санаторыяў Гродзеншчыны, па запрашэнні якога будзе ладзіць народнае свята “Масленіца” для тых, хто прыехаў сюды на адпачынак.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота Галіны ПЯТУШОК.

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники