У Астрыне прайшло Свята паэзіі «Пяю табе, мой край, з адкрытаю душой», якое аб’яднала ўсіх прыхільнікаў паэтычнага слова і  творчасці А. С. Пашкевіч (Цёткі)

         Сумесныя ідэі работнікаў гарпасялковай бібліятэкі і Дома культуры трохі змяніў дождж, таму ўсе задумкі давялося перанесці ў актавую залу  Дома культуры.

        Ужо з першых крокаў удзельнікі свята апынуліся ў чароўным свеце паэзіі, музыкі і творчасці. У фае Дома культуры ўсіх гасцей вітала сама Алаіза Пашкевіч з героямі сваіх твораў, ролі якіх цудоўна выканалі юныя ўдзельнікі паэтычнага тэатра “Волат” (рэжысёр І. С. Шандроха).

Увагу прысутных адразу прыцягнула выстава-продаж вырабаў народных умельцаў.

Далей удзельнікаў свята сустрэла Муза Паэзіі — Эвцерпа (В. Гоман).  Разам з вядучымі свята Г. А. Сцяпанчанка і А. А. Чучвой Эвцерпа павяла ўсіх па краіне Паэзіі, у якой заўсёды жыве любоў. Любоў да роднага краю, любоў да сваёй маленькай радзімы, любоў да бацькоў, блізкіх, сяброў, любоў да той прыгажосці, якая жыве вакол нас. Без любові не народзіцца верш, не закране душы паэтычнае слова. А ўдзельнікі ўзорнай тэатральнай студыі “Незвычайны цуд” (рэжысёр Н. А. Лукіна) правялі прысутных сцежкамі памяці, якія прысвяцілі 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

    

 

Сваім талентам з удзельнікамі свята дзяліліся члены Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі: дзіцячая пісьменніца Ганна Іосіфаўна  Скаржынская — Савіцкая, паэт, публіцыст, намеснік старшыні Гродзенскага аддзялення СПБ Дзмітрый Мікалаевіч Радзівончык,  украінскі паэт з Гродна Рыгор Сцяпанавіч Гармаш.

 

Эмацыйнае выступленне гасцей нікога не пакінула абыякавым. Гучалі вершы пра родны край, пра бацькоў, пра сяброў, пра вайну. Нават калі загучалі вершы на ўкраінскай мове, перакладчык быў не патрэбны.

Шмат добрых слоў сказала паэтам старшыня Астрынскага выканаўчага камітэта Н. І. Лебядзевіч. Пасля выступу гасцей свае вершы чыталі юныя паэты – Д. Разуева і В. Манкевіч. У падарунак паэтам гучалі песні ў выкананні работнікаў ДК і маладых талентаў.

        Затым настала чарга віншавальнай паштоўкі для гарпасялковай бібліятэкі, якая ў гэтым годзе святкуе свой 75-гадовы юбілей. Сваю любімую бібліятэку і яе работнікаў віншавалі юныя чытачы. А пастаянная чытачка бібліятэкі  і актыўная ўдзельніца ўсіх яе мерапрыемстваў Т. В. Чарняк прысвяціла бібліятэцы оду, якую прачытала са сцэны Дома культуры. Бібліятэкар Г. А. Сцяпанчанка зрабіла кароткі экскурс у гісторыю гарпасялковай бібліятэкі. Добрым словам ўспомнілі і шматгадовую загадчыцу бібліятэкі  М. А. Маркевіч, якая пасля перадала справу сваёй дачцэ С. І. Ушкевіч. Не засталіся без увагі і лепшыя чытачы бібліятэкі, якім бібліятэкары падрыхтавалі падарункі.

        Заключным акордам свята стала выступленне артыстаў Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники