Таленавітая мастачка і скрыпачка з эканамічным ухілам працуе ў аддзеле рамеснай дзейнасці

Загадчык аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва РЦКіНТ Ірына Хвайніцкая – чалавек надзвычай сціплы. Таму мала хто ведае, што яна не толькі клапатлівая мама дваіх дзяцей, але і выдатная скрыпачка і таленавіты мастак. Рознакаляровыя казачныя героі, якіх з дапамогай фарбы і пэндзля стварыла Ірына, прапісаліся ў палатах дзіцячага аддзялення Шчучынскай ЦРБ, а яе рукатворныя працы ўпрыгожваюць шматлікія шчучынскія кватэры.
Малая радзіма Ірыны Хвайніцкай – Брэст. Вучылася яна не ў звычайным класе, а ў класе з музычным ухілам і асвойвала азы гульні на скрыпцы. Музыцыравала Ірына выдатна. Скрыпка так і “спявала” ў руках таленавітай вучаніцы. Хутка дзяўчынка трапіла ў ансамбль скрыпачоў. Пачаліся канцэрты і паездкі за мяжу. Аднак было ў маёй суразмоўцы і яшчэ адно вялікае захапленне.
Ірыне заўсёды падабалася маляваць. Не дзіўна. Мама Ірыны – Святлана Васільеўна – ніколі не развітвалася з фарбамі і пэндзлем. Жанчына працавала на брэсцкай фабрыцы сувеніраў: размалёўвала на даму матрошак. Ірына яскрава памятае, як мама прыносіла вялікія сумкі з драўлянымі матрошкамі і наборы фарбаў. Мазок за мазком, і матрошкі ажывалі ў руках жанчыны. Ах, як хацелася Ірынцы дапамагчы маме! Адмовіць руплівай дачцэ было немагчыма і мама выдавала фарбы і пэндзлік. Дзяўчынка малявала вочы матрошкам, а затым з усёй дзіцячай непасрэднасцю назірала за мамінай працай.
Ірына малявала тое, што бачыла.  Вельмі любіла маляваць партрэты і нацюрморты.
Упэўненасці ў сілах юнай мастачцы дадала абласная алімпіяда. Ірына заваявала другое месца і ўсур’ёз задумалася над паступленнем у Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Машэрава. Першы блін стаў камяком: мастаку-самавучцы не хапіла ведаў і навыкаў. Аднак Ірына не адчаялася, узялася за кнігі і праз год усё ж такі стала студэнткай гэтай навучальнай установы.

 
У Шчучын Ірына Хвайніцкая пераехала ў 1995-ым, калі выйшла замуж. Муж Віталь заўсёды падтрымліваў каханую і натхняў, таму з-пад яе пэндзля пачалі выходзіць прыгожыя карціны і партрэты.

Са зменай месца жыхарства прыйшлося змяніць і род дзейнасці. Настаўнік малявання і чарчэння асвоіла… ткацтва і пачала весці дзіцячы гурток, які дзейнічаў на базе Цэнтра рамеснай дзейнасці. Так склаўся лёс, што праз пэўны час Ірына перайшла працаваць у Белаграпрамбанк. Жанчына вырашыла, што павінна дакладна разбірацца ў новай справе, таму хутка ў яе “арсенале” з’явіўся дыплом эканаміста.
Эканамічная адукацыя спатрэбілася Ірыне і падчас працы ў вузле паштовай сувязі. А вось мастацтва стала хобі.
Ірына Хвайніцкая не толькі стварае карціны, але і піша на … сценах. Напрыклад, дома адна са сцен расквецілася яркімі фарбамі. Гледзячы на малюнак, так і хочацца прайсціся па вуліцах Прагі, менавіта гэты горад намалявала таленавітая мастачка. Аказалася, што размалёўвала Ірына сцены не толькі дома, але і ў сяброў. Адным балкон упрыгожвала, другім – пакоі.
Калі ёй прапанавалі распісаць сцены дзіцячага аддзялення Шчучынскай ЦРБ, яна згадзілася.
Гарэзлівыя дзяўчынкі і хлопчыкі, казачныя феечкі, мудрыя гномы, мяккія мядзведзі, залатыя пчолкі… У яе малюнках – сама добрая казка. Дарэчы, юныя пацыенты ацанілі творчасць шчучынскай мастачкі. Хлопчыкі і дзяўчынкі фатаграфуюцца на фоне малюнкаў і выкладваюць здымкі ў сацыяльныя сеткі.
Ірына Хвайніцкая не спыняецца на дасягнутым. Зараз загадчык аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва РЦКіНТ з задавальненнем асвойвае новыя тэхнікі сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Ірына робіць дэкаратыўныя дрэўцы, вазы з паперы, распісвае яйкі і многае іншае

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники