Святочным настроем быў напоўнены раённы цэнтр культуры і народнай творчасці з нагоды святкавання 80-годдзя Шчучынскага раёна

 Музыка, жывыя зносіны, радасныя твары, цёплыя абдымкі … Асаблівая атмасфера свята адчувалася яшчэ ў фае. Тут сіламі працоўных калектываў і арганізатараў мерапрыемства была створана выстава, якая адлюстроўвала дасягненні нашых землякоў у розных галінах дзейнасці. Госці з задавальненнем знаёміліся з экспанатамі выставы, абменьваліся ўражаннямі. Колькі дасягнута за гэтыя стваральныя гады станаўлення і развіцця роднай Шчучыншчыны! Актывісты БРСМ прапаноўвалі гасцям прайсці далей у залу і ўручалі свежы спецвыпуск «Дзянніцы», на старонках якога героі дня.

На юбілейную ўрачыстасць у зале сабраліся кіраўніцтва раёна, ветэраны працы, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, каб перавярнуць 80-ю старонку нашай гісторыі і падзякаваць працавітым землякам. Радасць свята прыехалі раздзяліць са шчучынцамі ганаровыя госці: намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта В.Ф. Пранюк, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь П.Р. Міхалюк і Л.В. Кір’як, начальнік галоўнага кантрольна-аналітычнага ўпраўлення Гродзенскага аблвыканкама Д.А. Паўлоўскі, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ю.М. Аляксей. Сярод дарагіх гасцей і Ганаровыя грамадзяне горада Шчучына: В.І. Казяк, Э.С. Дзікевіч, В.Л. Жоль, С.І. Ушкевіч,  былыя кіраўнікі Шчучынскага раёна І.Ю. Сакалоўскі і А.П. Васько.

Урачыстая частка сходу пачалася з пралога. Шчучынскія артысты перанеслі гледачоў у мінулае, нагадалі пра значныя падзеі шчучынскага краю: як працавалі нашы продкі, расцілі дзяцей, абаранялі родную зямлю. Сапраўдным сюрпрызам і своеасаблівым адкрыццём для ўсіх прысутных стаў новы фільм аб развіцці Шчучыншчыны за апошнія пяць гадоў, зняты спецыяльна да знакавай даты. Усе прысутныя падняліся пры першых акордах гімна Шчучыну, словы і музыку якога спецыяльна для юбілея напісаў Д.Г. Паноў.

Яркую вясёлку эмоцый унеслі ў святочную канву гімназісты і выхаванцы Палаца творчасці дзяцей і моладзі, якія падрыхтавалі сваё арыгінальнае віншаванне.

Кульмінацыяй урачыстасці стала ўзнагароджанне пераможцаў раённага спаборніцтва сярод суб’ектаў гаспадарання, калектываў вытворчых падраздзяленняў, працаўнікоў раёна, сельсаветаў за дасягненні высокіх паказчыкаў у працы і сацыяльна-эканамічным развіцці ў 2019 годзе.

Прыемным падарункам для ўдзельнікаў і гасцей свята стала канцэртная праграма артыстаў Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Даўгалецця табе, Шчучынскі раён, шчасця, міру, дабрабыту! Хай кожны дзень тваіх жыхароў будзе напоўнены радасцю, прыгажосцю і добрым настроем!

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники