Свята музыкі Чэслава Немэна сабрала сяброў на Васілішкаўскай зямлі

Штогод на малую радзіму спевака і кампазітара Чэслава Немэна з’язджаюцца прыхільнікі яго творчасці, каб разам у сценах простай сялянскай хаты паслухаць унікальны голас таго, хто тут рос, фарміраваўся як асоба і сваёй наватарскай музыкай праславіў васілішкаўскую зямлю,  пранікнуцца аўрай гэтых дзівосных мясцін, удыхнуць паветра, настоенае на водары яблыневых садоў. Загадчык клуба-музея Уладзімір Уладзіміравіч Сянюта, як заўжды, шчыра і радасна сустракае гасцей, распавядае сямейную сагу працавітай сям’і Выджыцкіх, дзе вырас таленавіты музыка, прыводзіць цікавыя факты з біяграфіі сусветна вядомага кампазітара. Дый сам стагадовы дом выклікае непадробную цікавасць: яго будаваў дзед Чэслава ў 1918 годзе. У адной палове – сапраўдны этнаграфічны музей сялянскага побыту, у другой – усё так, як у маленстве ды юнацтве Чэсіка, калі быў ён дасціпным і цікаўным хлапчуком, які спяваў у касцельным хоры, цудоўна маляваў, фатаграфаваў і, канешне, здзіўляў сваімі музычнымі здольнасцямі. Сярод прысутных – група турыстаў з Гданьска, якія, наведваючы Беларусь, з задавальненнем завіталі на свята ў Старыя Васілішкі.

Галерыст Ірына разам з мужам скульптарам-манументалістам Аляксандрам Сільвановічам прыехалі з Гродна, бо таксама цэняць атмасфернасць гэтага фэсту, магчымасць сустрэцца з цікавымі людзьмі і наведаць тутэйшую радню. Не мог не завітаць у гэты дзень на сваю малую радзіму і Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Віктар Мухляда, адклаўшы ўсе справы ў сталіцы. Прыехалі госці з Мінска, Баранавічаў, Ліды, Ваўкавыска, Шчучына, навакольных вёсак і аграгарадкоў, само сабой, далучыўся і мясцовы люд.

Пасля інтэрактыўнай экскурсіі і прагулак па садзе, дзе госці частаваліся яблыкамі, фатаграфаваліся на любімым камяні Чэслава Немэна, знаёміліся з патэнцыялам новага турыстычнага кластара, што прэзентавалі гаспадары аграсядзіб, удзельнікі свята накіраваліся ў адзін з найпрыгажэйшых храмаў Беларусі — касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла. Пасля святочнай імшы тут ладзіўся канцэрт класічнай музыкі. Яго падрыхтавалі ўдзельнікі струннага квартэта Гродзенскага музычнага каледжа.

У другой палове дня свята “перанеслася” у аграгарадок Васілішкі. З-за ветранага надвор’я большасць каларытных падворкаў, што прадстаўлялі арганізацыі і прадпрыемствы Васілішкаўскага сельсавета, размясцілася ў Доме культуры і адпачынку. Вось тут майстры і гаспадынькі васілішкаўскай старонкі не пераставалі здзіўляць сваімі вырабамі і кулінарнымі шэдэўрамі, уменнем з густам і фантазіяй аформіць экспазіцыі, падзяліцца досведам і … рэцэптамі. Усіх гасцей шчодра частавалі яблычнымі і бісквітнымі прысмакамі, разнастайным печывам і яблычным сокам. На вышыні былі супрацоўнікі бібліятэк, педагогі, работнікі мясцовай бальніцы і лясгаса, ААТ “Васілішкі”… Зрэшты, нават кампетэнтнаму журы аказалася не па сіле вызначыць самых-самых, а таму арганізатары ўсіх 11 падворкаў атрымалі падзякі.

Тым часам канцэртная зала сабрала гледачоў. Намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта выказала гонар за нашага таленавітага земляка, які стаў чалавекам-легендай, шчыра павіншавала ўсіх са святам музыкі Чэслава Немэна і пажадала, каб гэта благаславёная зямля і далей расквечвалася маладымі талентамі.

Сярод ганаровых гасцей — старшыня папячыцельскага савета клуба-музея, аўтар сцэнарыя фільма “Чэслаў Немэн. Дзіўны гэты свет” Вера Юр’еўна Савіна. Яна запрасіла на сцэну сваіх сяброў-аднадумцаў – прадстаўнікоў мінскай інтэлігенцыі, кожны з якіх зрабіў свой унёсак у тое, каб музей у Старых Васілішках быў напоўнены цікавымі, а часам і ўнікальнымі экспанатамі. Сярод гэтых слаўных людзей — дырэктар мотаклуба НОG МІNSК СНАРТЕR Аляксей Адаранка, пісьменнік і журналіст Дзмітрый Падбярэзкі, старшыня нацыянальнага камітэта Міжнароднага савета музеяў ІСОМ Таццяна Бембель, скульптар і фотамастак Яўген Колчаў… Увогуле свята музыкі Чэслава Немэна сабрала цэлае сузор’е яркіх асоб.

Былі ў пашане і мясцовыя жыхары. Вядучыя запрасілі на сцэну равеснікаў Гродзенскай вобласці – 75-гадовых юбіляраў. Старшыня Васілішкаўскага сельвыканкама Тамара Іванаўна Зубрыцкая пад дружныя апладысменты публікі павіншавала іх са слаўнай датай, а старшыня мясцовай ветэранскай арганізацыі Ніна Пятроўна Ліпская ўручыла падарункі.

Кульмінацыяй свята стаў конкурс вакалістаў, прысвечаны малой радзіме. Дар’я Васілеўская, Алена Ляпеша і Валянціна Страчынская з аграгарадка Васілішкі, Аляксандр Жыгуноў з Нясвіжа, Сяргей Лагунскі і народны вакальна-інструментальны ансамбль “Вольны стыль” з Ваўкавыска на суд журы і слухачоў прапанавалі па адной кампазіцыі з рэпертуару Чэслава Немэна і беларускую песню, што адпавядала тэматыцы конкурсу. Праграма атрымалася цікавай і насычанай, а ўсе канкурсанты былі на вышыні. Аднак лаўры пераможцы дасталіся спеваку з непаўторным вакалам Аляксандру Жыгунову.

Канцэрт працягваў мінскі гурт “Хуткая дапамога”. Яго выступленне на нейкі момант перарвалі юныя спартсмены. У рамках свята, прысвечанага Чэславу Немэну, ладзіўся фестываль дваровага футболу, у якім удзельнічалі пяць камандаў. Трэнер футбольнай школы “Авіятар” Антон Паўлавіч Акрамешка ўручыў удзельнікам узнагароды, а лепшай па выніках гульняў нечакана для ўсіх аказалася каманда … матуль футбалістаў.

Свята атрымалася на славу. Працаваў гандаль, дзейнічалі атракцыёны для дзяцей, ладзілася выстава творчых работ “Яго жыццё – музыка”.

Сапраўды, імя нашага земляка прыцягвае людзей добрай волі з усіх куточкаў планеты. У гэтым можна пераканацца, перагарнуўшы старонкі музейнай Кнігі водгукаў, дзе свае запісы пакінулі турысты з Кітая, Камеруна, ЗША, Англіі і многіх іншых краін свету. Сёлета, да прыкладу, у клубе-музеі Чэслава Немэна пабывалі ўжо каля сямі тысяч гасцей.

Па матэрыялах «Дзянницы»

 

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники