
Яго карціны кранаюць і заварожваюць, прымушаюць спыніць крок і задумацца над вечным. За яркімі фарбамі, тонкімі, часам хаатычнымі лініямі і штрыхамі – неабсяжны касмічны сусвет аўтара, спроба данесці да гледача сілу мастацтва.
Алесь Родзін сучасны мастак, які нарадзіўся ў горадзе Баранавічы. Ён вядомы сваімі вялікімі палотнамі, запоўненымі дзіўнымі падрабязнасцямі. Асноўныя напрамкі творчасці — абстракцыя і краявіды. Яго карціны заснаваны на разважаннях. У кампазіцыях пастаянна змяняюцца гарадскія, геалагічныя, біялагічныя і тэхнакратычныя характарыстыкі. А для таго, каб прывесці іх да адзінай сістэмы, Алесь Іванавіч выбірае манахромныя колеры, выкарыстоўваючы іх розныя адценні. Працы Алеся Родзіна ўражваюць і прыцягваюць адначасова. Іх хочацца разглядаць гадзінамі і знаходзіць нешта новае, нешта сваё. Алесь Родзін – адзін з найзнаных на Захадзе сучасных беларускіх мастакоў. Больш за дзесяць гадоў ён быў рэзідэнтам артхаўса «Tacheles» у Берліне – сапраўднага анархічнага сквота, дзе жылі і працавалі творчыя людзі з усяго свету.
Разам з мастаком на адкрыццё выставы завіталі яго сябры — Сяргей Паяркоў, Яўген Рагозін, Ілля Сін, Алена Ясінская, Кацярына Маркевіч, Марыя Сыракваш, Зміцер Юркевіч, Яўген Шунэйка.
Прэзентацыя карцін пачалася з перфоманса «Дах ХХХІV Абуджэнне».
Таксама, адбыўся паказ фільмаў «Міфалагізмы Родзіна», «Апошняя з роду Рэйтанаў» і «Dach supports Tacheles».
Фантастычныя гукі музыкі, што суправаджалі мерапрыемства, заварожвалі нейкай сваёй містэрыяй і касмічнасцю.