Новы сацыяльна-культурны праект па рабоце з пажылымі людьмі стартаваў у раённым цэнтры культуры

Свайго рода гістарычны экскурс па мясцінам нашай малой радзімы “..І мы жывём, каб след застаўся” правяла кіраўнік аматарскага аб’яднання “Лад” Вінчэўская Марыя Іванаўна у рамках сацыяльна-культурнага праекта “Карані і кроны”. Праект складаецца з цыкла мерапрыемстваў, прысвечаных пошуку гістарычных “каранёў”, знаёмству са знакамітымі асобамі Шчучынскага раёна ад Льва Сапегі да нашага часу.

Першы “прыпынак” гэтага падарожжа быў зроблены ў невялікай вёсачцы Бершты. Упершыню яна згадвалася ў 1460 г., як гаспадарскі двор у Гродзенскім павеце Вялікага княства Літоўскага. Калісьці тут было шмат народу. І вёска ні восенню, ні зімой, ні вясной, ні летам не сціхала. А зараз гэта — невялікі населены пункт, у якім “дажывае” свой век пэўная колькасць сталых людзей, якія з’яўляюцца носьбітамі традыцый свайго края, духоўнай спадчыны.

Пачалася сустрэча з дакументальнага фільма пра Бершты “Падарожжа дылетанта”. Цікава было назіраць за сталымі людзьмі, якія пазнавалі на экране  свае хаты, суседзяў і г.д. Узгадалі пра падзеіі  ветэранаў былых войн Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай (І.К. Васілевіча, І.Я. Даніловіча, В.М. Токць, К.А. Русілку, П.П. Капусту, А.Я Андрэева).

Немала  цёплых слоў прагучала ад Марыі  Іванаўны, якая сама некалі працавала ў Берштах, пра мясцовых жыхароў: былых настаўнікаў, медработнікаў, калгаснікаў — Ірыну Антонаўну Сяргейчык, Юлію Станіславаўну Варонка, Марыю Пятроўну Ушкевіч, Галіну Паўлаўну Сямашка, Зою Леанідаўну Русілка, Аляксандра Аляксандравіча Васілевіча, Мікалая Паўлавіча Сямашку, Ірыну Кірылаўну Язэпчык і інш.

Вядомая паэтка Любоў Русілка, таксама з’яўляецца жыхаркай гэтай вёскі былая настаўніца мясцовай школы, украінка па нацыянальнасці, яна ўсёй душой была прывязана да Беларусі, да беларускай мовы. Гэтая зямля выратавала калісьці яе сям’ю ад галоднай смерці, і паэтка годна і хораша сплаціла ёй доўг удзячнасцю. Яе маленства прайшло ў Мількаўшчыне – калысцы Элізы Ажэшкі, таму невыпадкова ў Русілкі паўстае вобраз вялікай польскай пісьменніцы. На жаль яна не змагла наведаць нашу сустрэчу, але яе вершы, што гучалі лейтматывам на працягу мерапрыемства, кранулі душы ўсіх аднавяскоўцаў.

Даніловіч Наталля Мікалаеўна, якая працуе загадчыкам Берштаўскага клуба-бібліятэкі, выказала свае ўражанні пасля мерапрыемства: “Я назірала за сваімі аднавяскоўцамі. Як засвяціліся іх вочы, калі ладаўцы заспявалі песні іх маладосці! Спяваў увесь зал. Іх ногі самі пускаліся ў пляс пад зухавітую “Лявоніху” і павольны “Падыспань” . Усім стала утульна. Здавалася яны памаладзелі на гадоў пяцьдзесят”.

Малая Радзіма — гэта калыска чалавека. І менавіта  тыя людзі, якія пражылі ўсё жыццё на ёй, пакідаюць гэты след на зямлі. Госці мерапрыемства выказалі пажаданне і далей працягваць такія сустрэчы, каб не даць згінуць гэтым “караням”  і пакінуць  нашчадкам памяць.

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники