Народны фальклорны гурт “Вяргіня” атрымаў на Лідчыне заслужаную ўзнагароду.

На Лідчыне адбыўся адкрыты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору “Цёплыя вечары ды халодныя ранкі… ”

Са сцэны актавай залы філіяла “Мажэйкаўскі Дом культуры” гучалі вясёлыя, сумныя, слёзныя і нават грозныя песні. Кожная – залаты злітак, скарбніца мясцовага фальклору. Але чаму ў час мерапрыемства часцей за ўсё называлася імя Земавіт? Хто быў гэты чалавек?

Аказваецца, Земавіт Фядэцкі – тутэйшы. Нарадзіўся 22 жніўня 1923 года ў маёнтку Лебяда, што непадалёку ад Мажэйкава. На лідскай зямлі правёў дзяцінства і перажыў вайну. У цяжкія часіны ліхалецця – у 1942-1943 гадах – жыў ў вёсцы Феліксава, у сям’і свайго сябра Уладзіміра Мальца. Працаваў з ім у полі, дапамагаў будаваць новую хату. Канешне, хадзіў на вячоркі, вяселлі, талокі, хрысціны і хаўтуры. Дужаўся з хлопцамі на ігрышчах, танцаваў з паненкамі на вечарынах. А яшчэ (што вельмі важна цяпер для нас, суайчыннікаў) запісваў у сшытак феліксаўскія песні. Земавіт не ведаў, ці будзе з гэтага запісу нейкая карысць і ці здолее ў будучым надрукаваць дарагую сэрцу спадчыну. Але ўсё ж такі зборнік запісаных у Феліксаве песень пад назвай “Цёплыя вечары ды халодныя ранкі… ” убачыў свет, хоць і праз пяцьдзясят гадоў.

Кніга трапіла ў многія краіны свету, дайшла аж да Новай Зеландыі. У Італіі яе назвалі “Песнямі Атлантыды”. Жыве яна і сёння разам з намі. Сведчанне таму – выступленні ўдзельнікаў. “Цёплыя вечары ды халодныя ранкі…”, “Пайду я лугам…”, “Цячэ рэчанька”, “Зязюля”… Ад адных песень станавілася сумна, ад другіх хацелася смяяцца, ад трэціх – кінуцца ў скокі. Кожны нумар музычнай праграмы слухачы сустракалі гарачымі апладысментамі, асабліва калі на сцэну выходзілі ўдзельніцы самага шаноўнага ўзросту – Ганна Забалоцкая, Тарэза Ясюкайціс. Ім сёння – за восемдзесят год.

Кожны, хто ў гэты дзень прыйшоў на адкрыты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору, атрымаў вялікую асалоду ад пачутага і ўбачанага на сцэне.

У той жа час гледачы мелі магчымасць прыняць удзел у галасаванні за выканаўцу, які больш за ўсіх спадабаўся. Дыпломы трэцяй ступені дасталіся Дзмітрыю Сакалову і Мікалаю Сакалоўскаму, а таксама фальклорнаму гурту “Талер” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, другое месца журы прысудзіла фальклорнаму гурту “Чараўніцы”. А вось пераможцам адкрытага рэгіянальнага фестывалю песеннага фальклору “Цёплыя вечары ды халодныя ранкі… ” стаў народны фальклорны гурт “Вяргіня”.

Па матэрыялах «Лідскай газеты»

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники