На малой радзіме  вядомага музыканта Чэслава Немэна шырока адзначылі яго дзень нараджэння

 

Землякі і шматлікія госці шырока адзначылі 81-ю гадавіну з дня народзінаў Чэслава Немэна і дзесяцігоддзе заснавання клуба-музея знакамітага рок-музыканта.

Адзначаць не толькі юбілеі, але і дні народзінаў славутага земляка стала для васілішкаўцаў добрай традыцыяй. У нядзелю, 16 лютага, да дома Выджыцкіх ў Старыя Васілішкі, дзе на працягу 19 год жыў з бацькамі будучы кампазітар і папулярны спявак, пад’язджалі ўсё новыя і новыя машыны ды аўтобусы. Турысты з Варшавы і Мінска, сябры клуба-музея з кагорты творчай сталічнай інтэлігенцыі, ганаровыя госці, мясцовыя жыхары і прыхільнікі творчасці рок-музыканта з цікаўнасцю аглядалі сціплы сялянскі дамок, які ў гэтыя дні прыкметна “памаладзеў”, змяніўшы стары шыфер на каларытны (пад даўніну!) гонтавы дах. Сродкі на гэтыя мэты – 26 тысяч еўра – выдзеліў музею польскі інстытут “Палоніка”, каб вярнуць сядзібе яе першапачатковы выгляд. Раздзяліць радасць урачыстасці прыехала і прадстаўнік польскага культуралагічнага інстытута Марта Шафранэк.

Сапраўды, паток гасцей у Старыя Васілішкі пастаянна расце. Не толькі Беларусь, але і Польшча, Літва, Латвія, Расія, ЗША, Англія, Нідэрланды і нават Камерун – не пералічыць усіх краін, адкуль прыязджаюць сюды тыя, хто хоча як мага больш даведацца пра таленавітага музыканта, чый свабодалюбівы спеў названы голасам ХХ стагоддзя. Толькі за 2019 год гэты дом наведалі 10 тысяч турыстаў!

Пасля экскурсіі госці накіраваліся ў храм Пятра і Паўла – адзін з найпрыгажэйшых на Беларусі. Тут у касцельным хоры калісь спяваў Чэсік Выджыцкі. У касцёле адбылася не толькі імша, але і канцэрт народнага ансамбля духоўных спеваў “Преображение” Шчучынскага РЦКіНТ.

Затым свята перанеслася ў цэнтр культуры аграгарадка Васілішкі, дзе адразу ў фае ўвагу прыцягвала выстава малюнкаў і фотаработ “Яго жыццё – музыка”.

У сваіх выступленнях намеснік Генеральнага пасла Рэспублікі Польшча ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі і консул Анджэй Рачкоўскі падкрэслілі, што мінулы год быў вельмі плённым: пабачыў свет новы фотаальбом “Чэслаў Немэн”, у Гродне адкрыта мемарыяльная Дошка ў памяць пра польска-беларускага музыканта, а цяпер вось рэалізаваны чарговы праект, і клуб-музей радуе сваім новым абліччам.

Аўтар фільма пра Чэслава Немэна, журналіст і рэжысёр Вера Юр’еўна Савіна ўзгадала, як 10 год таму дзякуючы агульным намаганням у Старых Васілішках з’явіўся музей і як ён напаўняўся экспанатамі. Сёння творчая ініцыятыва мае сваё развіццё, а клуб-музей згуртоўвае вакол сябе людзей добрай волі, як і жадаў таго музыкант у сваім сусветна вядомым творы. Журналіст Вячаслаў Ракіцкі захоплена расказаў, як напачатку 80-х пазнаёміўся з Чэславам Немэнам падчас гастроляў таго ў Мінску.

Цудоўным падарункам для ўсіх, хто прыйшоў на гэта свята, былі выступленні народнага хору польскай песні “Промень” Шчучынскага ЦКіНТ і народнага ансамбля народнай песні “Сябрына” Жалудоцкага Дома культуры. А завяршыла праграму юная спявачка з Васілішак Дар’я Васілеўская, бадай, самай знакамітай кампазіцыяй Чэслава Немэна “Дзіўны гэты свет”… Так, наш зямляк і праз дзесяцігоддзі не перастае здзіўляць нас сілай свайго таленту і харызмай сваёй неардынарнай асобы.

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники