Гадавы справаздачны канцэрт педагогаў і выхаванцаў Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі выліўся ў грандыёзнае свята для ўсяго горада

І толькі шкада, што глядзельная зала раённага цэнтра культуры і народнай творчасці можа прыняць усяго каля паўтысячы чалавек.

Не асобныя лепшыя знакавыя нумары, а прафесійна скампанаваная праграма прадэманстравала, чаго можна дасягнуць у рэчышчы мастацкай творчасці, калі рухацца да вялікай сцэны штодзённа, мэтанакіравана і з душой. Пачаўся канцэрт грацыёзным вальсам, а бадзёрая, жыццярадасная, гарэзная Надзея Санько з сучаснай  стылізацыяй беларускай народнай песні «Мельніца» канчаткова ўсталявала святочную атмасферу ў зале. Літаральна адразу пасля веснавога жаночага свята на ІІІ Міжнародным конкурсе-фестывалі мастацтваў «Музыки свет» дуэт у складзе Валерыі Кос і Паліны Бекіш атрымаў дыплом першай ступені ў намінацыі «Эстрадны вакал». Сапраўднай прымай на справаздачным канцэрце са сваёй складанай для выканання песняй свяцілася на сцэне Валерыя Кос. Музычны вобраз, створаны юнай спявачкай, запамінальны і яскравы, як прыгожы сонечны дзень. Нездарма нашаму дуэту дыплом ўручаў вядомы беларускі спявак Пётр Ялхімаў. Арцёму Гайдуку варта апладзіраваць ужо толькі за мужнасць і смеласць: хлопцаў на сцэне, акрамя двух вядучых і ансамбля гітарыстаў, больш і не засвяцілася. Чамусьці лічыцца, што сёння мужчыны павінны займацца ці спортам, ці тэхнічным мадэліраваннем. А Арцём сваім чыстым лірычным высокім голасам сцвердзіў адваротнае. Яго «Мама» выклікала шмат эмоцый і запомніцца надоўга.

Рэпертуар жа ў юных артыстаў вельмі разнастайны, як і галасавыя здольнасці, унутраны свет выканаўцаў, пра што сведчаць самыя  «свежыя» дыпломы ўдзельнікаў студыі. Так, на І Адкрытым рэспубліканскім творчым конкурсе «Паруса мечты» Соф’я Хільмановіч атрымала найвышэйшую ацэнку ў намінацыі «Эстрадны вакал», а Анастасія Жагунь і Яна Мікула былі трэцімі ў намінацыі «Вакальны дуэт». Шмат апладысментаў на канцэрце атрымала яшчэ адна салістка студыі, Паліна Цыбульская з яе унікальным інтанаваннем мелодыі, па-сталаму драматычным сапрана. На нядаўнім творчым конкурсе «Радасць мая», які стаў працягам рэспубліканскага фестывалю сучаснай хрысціянскай культуры, Паліна ўдастоена дыплома «За вялікі ўклад ў зберажэнне і развіццё традыцыйнай нацыянальнай культуры і духоўна-маральнага выхавання гледачоў». А Лізавета Хіцеева ўразіла адметнай тэмбравай афарбоўкай голасу пры выкананні як лірычных народных твораў, так і сучасных эстрадных. Гледачы, як гэта бывае ў хвіліны найбольшага ўзрушэння і ўдзячнасці, віталі ў фінале артыстаў стоячы.

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники