Члены інфармацыйнай групы на чале са старшынёй Шчучынскага райвыканкама Аляксеем Валянцінавічам Садоўскім сустрэліся з работнікамі культуры

Гутарка ў РЦКіНТ атрымалася надзвычай змястоўнай, таму што закранала надзённыя тэмы. Начальнік аддзела статыстыкі Шчучынскага раёна М.І. Каляда выступіла з дакладам “Перапіс насельніцтва: погляд на сучаснае – крок у будучае!”, падкрэсліўшы, што гэта кампанія, якая стартуе ўжо 4 кастрычніка, самая інавацыйная ў гісторыі Беларусі.

Як альтэрнатыва, інтэрнэт-перапіс дасць магчымасць усім жадаючым у зручны для іх час запоўніць перапісныя лісты. Марыя Іосіфаўна выказала пажаданне, каб прысутныя ў зале ды і іншыя жыхары раёна скарысталіся такой формай самі і дапамаглі перапісацца праз інтэрнэт сваім бабулям і дзядулям. Зразумела, прыступяць да работы і традыцыйныя перапісчыкі, якія, дарэчы, для сваёй адказнай справы аснашчаны планшэтамі. Звесткі, каб дакладна ведаць, як выглядае калектыўны партрэт Беларусі, будуць акумуліравацца па 30 кастрычніка.

Аб ролі здаровага ладу жыцця для нашых сучаснікаў, развіцці спартыўнай інфраструктуры ў раёне расказаў прысутным І.В. Гваздоўскі, загадчык сектара спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама. Як зазначыў Іван Вікенцьевіч, за апошнія гады ў спартыўныя аб’екты раёна ўкладзена больш за 2 мільёны рублёў. На парадку дня – рэканструкцыя стадыёна “Алімп”. Ужо сёлета будзе распачата ў Шчучыне і будаўніцтва крытай лядовай пляцоўкі. Інвестыцыі ў спорт і фізічную культуру даюць добры плён. Спартыўнымі дасягненнямі шчучынцаў сёння ганарыцца не толькі Прынёманскі край, але і ўся Беларусь. Так, наш зямляк Аляксандр Чарняк – адзін з мацнейшых лёгкаатлетаў Еўропы. У спаборніцтвах “Залатая шайба”, “Скураны мяч” юныя спартсмены Шчучыншчыны ў лідарах. Суперкубак па пляжным футболе таксама ў нас.

З асоба ахоўваемымі прыроднымі тэрыторыямі, захаваннем біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці нашай мясцовасці і ўсёй Гродзеншчыны прысутных пазнаёміў начальнік Шчучынскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя С.Г. Шандроха.

З непадробнай цікавасцю слухалі прысутныя ў зале і новага кіраўніка раёна. А.В. Садоўскі выказаў работнікам культуры падзяку за іх творчую працу, талент і майстэрства арганізоўваюць маштабныя святы і фестывалі, якія ствараюць імідж раёна і папулярызуюць рэгіён, дораць людзям цудоўны настрой.  Аляксей Валянцінавіч падкрэсліў, што ў сваёй рабоце мае намер прымнажаць тыя добрыя пачынанні, якімі можа ганарыцца яго папярэднік – Сяргей Васільевіч Ложэчнік.

Аляксей Валянцінавіч закрануў праблему замацавання кадраў, будаўніцтва арэнднага жылля, паляпшэння ўзроўню медыцынскага абслугоўвання. Растлумачыў ён, што з-за запозненага фінансавання па лініі замежных крэдытаў рамонт СШ №2 г. Шчучына выклікаў істотныя нязручнасці для школьнікаў, іх бацькоў і педагогаў, аднак трэба з разуменнем ўвайсці ў становішча, бо ў выніку мы атрымаем сучасную ўстанову адукацыі.

А.В. Садоўскі выказаў гатоўнасць выслухаць усе прапановы і ініцыятывы ад нераўнадушных людзей, дапамагчы ў вырашэнні праблем і складаных сітуацый, калі гэта магчыма ў прававым полі.

З цікавымі паведамленнямі выступілі і іншыя ўдзельнікі інфармацыйнай групы.

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники