
Літаратурная вечарына была прысвечана 150-годдзю з дня нараджэння ўкраінскай пісьменніцы Лесі Украінкі (Ларысы Пятроўны Косач-Квіткі).
Юбілейным стане гэты год і для Цёткі, 145-гадовы юбілей якой будзе адзначацца летам.
Цудоўныя жанчыны і таленавітыя паэткі…Іх аб’ядноўвалі час, сябры, творчасць, гарачая любоў да радзімы, народа, мовы, рамантычная акрыленасць думкі. Леся наведвала Беларусь, нават жыла тут кароткі час, калі даглядала хворага каханага ў Мінску. А Алаіза жыла і вучылася на Украіне. Больш падрабязна даведацца пра жыццё і творчасць Лесі Украінкі прысутным дапамог відэафільм, які падрыхтавала настаўніца беларускай мовы і літаратуры, кіраўнік музея Цёткі, А. С. Балобан.
Госці вечарыны трапілі на дзень нараджэння да Лесі Украінкі, дзе сустрэліся з яе сябрамі – украінскім вучоным, этнографам, доктарам філалагічных навук Іларыёнам Свянціцкім і ўкраінскім пісьменнікам Іванам Франко, якія і пазнаёмілі Лесю з Цёткай. Ролі знакамітых асоб удала выканалі вучні Астрынскай школы, удзельнікі народнага паэтычнага тэатра “Волат”( рэжысёр І. С. Шандроха). А падарункам на юбілей сталі вершы і песні на ўкраінскай і беларускай мовах у выкананні педагогаў і вучняў школы, супрацоўніка бібліятэкі Г. А. Сцяпанчанка, акампаніятара Дома культуры і тэатральнай творчасці І. І. Бабіцкага, украінскія музычныя творы і танцы ў выкананні вучняў Астрынскай дзіцячай школы мастацтваў. Педагогі пакою па месцы жыхарства “Сузор’е” Шчучынскага Дварца творчасці дзяцей і моладзі падрыхтавалі для гасцей вечарыны сувеніры на памяць. Для жадаючых аставіць успамін аб сустрэчы з Алесяй і Цёткай працавала фотазона.
Оставить комментарий