18.11.2017 г удзел у абласных “Дажынках-2017” у Свіслачы.

Сёлета абласны фестываль працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2017” прайшоў з сапраўдным размахам. На свята з’ехаліся 17 дэлегацый з усіх раёнаў Гродзеншчыны,  у тым ліку  прадстаўнікі і ад нашага раёна. Беларускага караваю з першай мукі таксама паспыталі і госці з Расіі, Літвы і Польшы.

На “Дажынках”  нашых землякоў можна было сустрэць усюды, напрыклад, на выстаўцы тэматычных сельскагаспадарчых падворкаў Гродзенскай вобласці “Добрыя суседзі”. Беларускія песні ды танцы, нацыянальныя касцюмы і стравы – усё гэта надавала “Дажынкам” асаблівую каларытнасць. Не з пустымі рукамі прыехалі і нашы прадпрыемствы: ААТ “Шчучынаграпрадукт”,  ААТ “Васілішкі”, ААТ “Шчучынскі масласырзавод”, саўгас “Вялікае Мажэйкава”. Асаблівай папулярнасцю карыстаўся наш падворак, на якім частавалі гасцей рознымі вясковымі прысмакамі гаспадары аграсядзібы “Марчукова хата”. Нават старшыня аблвыканкама У.В. Краўцоў і старшыня Шчучынскага райвыканкама С.В. Ложэчнік ацанілі шчучынскую гасціннасць.

Шчучынскі раён зноў увайшоў у тройку лепшых: заняў трэцяе месца ў абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы травяных кармоў. Узнагароду атрымалі старшыня Шчучынскага райвыканкама С.В. Ложэчнік і яго першы намеснік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Г.Б. Хоміч. Да таго ж наш раён трэці ў сферы жывёлагадоўлі  і другі ў абласным агладзе-конкурсе па навядзенню парадку на зямлі і добраўпарадкаванню населенных пунктаў. Гаманіў люд і ў «Горадзе майстроў», дзе была арганізавана выстава-продаж разнастайных вырабаў народных умельцаў. Чаго там толькі не было! І вырабы з гліны, і з саломы, і з дрэва, і са скуры… Усім даспадобы прыйшліся і майстар-класы па дрэваапрацоўцы, саломапляценню, ганчарству ды іншыя.     Свае тавары прапаноўвалі на  “Дажынках” і шчучынскія майстры.

Вызначыліся падчас «Дажынак» і сельскія чэмпіёны: для каманд з усіх раёнаў у гарадскім парку прайшла спартыўная эстафета на сельскагаспадарчую тэматыку, дзе свой спрыт прадэмастравалі актывісты БРСМ.

 Спартсмены накіраваліся на свяце на фінал абласной спартакіяды сярод сельскіх жыхароў па гіравым спорце, крос-бег, гульні «Мястэчкі». Аматары добрых аўтамабіляў зацікавіліся прэзентацыяй аўтамабіляў ГА «Дом Кардэна», выставай рэтра-аўтамабіляў і тэхнікі жыццезабеспячэння, прадстаўленнем аўтамабіляў і экіпажаў ГА «Трофі-клуб «Белавежскія зубры» ды інтэрактыўнымі конкурсамі на аўтамабільную тэматыку. А той, каму не хацелася сядзець на зямлі, накіраваліся любавацца паветраным шарам.

 А якое свята без артыстаў? Цудоўнымі песнямі і аўтэнтычнымі беларускімі танцамі радавалі гасцей шчучыскія артысты, калектывы Гродзенскай вобласці, музычны тэатр “Рада”, народная эстрадная студыя «Міленіум», «Арт-група «Беларусы», поп-гурт «ByCity» і зоркі беларускай эстрады.

Наступным горадам, у якім будуць ладзіцца абласныя “Дажынкі” стане Іўе.

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники