“Крыштальная ліра” гучыць на шчучынскі лад

VI адкрыты рэспубліканскі конкурс мастацтваў “Крыштальная ліра”, які нядаўна прайшоў у Палацы культуры прафсаюзаў г. Мінска, прынёс перамогу адразу некалькім таленавітым шчучынкам.

Загадчыца аддзела па рабоце з дзецьмі і моладдзю РЦКіНТ Галіна Будзько і яе калега – культарганізатар Анастасія Селішчава выбралі для выступлення на конкурсе кранаючую песню “Шлях” і не прагадалі. Шчучынскі дуэт стаў лепшым у сваёй намінацыі. Дзяўчаты перакананы, што перамаглі не толькі таму, што бездакорна выканалі музычны твор. Падтрымка родных, сяброў і калег значыла для іх вельмі многае. Дарэчы, на рахунку Анастасіі і Галіны гэта далёка не першая сур’ёзная перамога. Сёлета дзяўчаты сталі лепшымі ў раённым конкурсе патрыятычнай песні і заваявалі Гран-пры абласнога фестывалю патрыятычнай песні, прымалі ўдзел у адборачным этапе конкурсу “Новыя імёны” і многіх іншых. Да таго ж без Галіны Будзько і Анастасіі Селішчавай не абыходзіцца ні адно раённае мерапрыемства. Яны радуюць жыхароў Шчучыншчыны сваімі цудоўнымі песнямі і дораць у будні і ў святы добры настрой.

Калі для Галі і Насці выступленне на вялікай сцэне не ў навінку, то для выхаванцаў узорнай студыі эстрадных спеваў “Апрель” ПТДіМ Паліны Бекіш і Валерыі Косс гэта стала сапраўдным творчым іспытам. Аднак юныя спявачкі не разгубіліся. У выніку кампазіцыя “Свет вакол цябе”, якую бліскуча выканалі дзяўчаты, набрала 78 балаў з магчымых 80!

– Дзяўчынкі займаюцца музыкай на працягу многіх гадоў і звычайна спяваюць у квартэце, – расказвае кіраўнік узорнай студыі эстрадных спеваў “Апрель” Святлана Іванаўна Аляксеева. – Сяброўкі вучацца ў гімназіі г. Шчучына. Яны вельмі старанныя і адказныя. У складзе дуэта Паліна і Валерыя выступалі ўпершыню, і вынік цудоўны. Вельмі задаволена іх перамогай.

Дарэчы, дзяўчынкі не толькі занялі першае месца ў сваёй намінацыі, але і атрымалі дадатковы прыз – сертыфікат на зніжкі на адпачынак у дзіцячым аздараўленчым лагеры “Сяброўства” ў Балгарыі.

Паспяховымі былі выступленні на “Крыштальнай ліры” хормайстра Шчучынскага РЦКіНТ Ілоны Танкевіч і юнай удзельніцы вакальнага гуртка Каменскага Дома культуры Марыі Смалянскай. Ілона атрымала дыплом удзельніка VI адкрытага рэспубліканскага конкурсу мастацтваў “Крыштальная ліра”, а Марыя Смалянская да таго ж – сертыфікат на зніжкі на адпачынак у балгарскім дзіцячым лагеры.

Мы ганарымся нашымі таленавітымі зямлячкамі і жадаем ім чарговых перамог!

Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.
http://dzyannica.by/node/13246

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники