«Каляда хадзіла – радасць дарыла»

Каляды – адно з самых містычных святаў у старажытных славян. У гадавым коле народных аграрных абрадаў і святкаванняў мінулага Каляды храналагічна займалі першае месца. Да каляд абавязкова адказна рыхтаваліся. Прыбіралі хату, убіралі яе самаробнымі ўпрыгожваннямі, рабілі, калі быў патрэбны, рамонт усіх гаспадарчых будынкаў на падвор’і. Да калядаў стараліся пашыць новае адзенне, абавязкова памыцца ў лазні. Новы год і новае сонца непрыгожа сустракаць, калі непарадак у гаспадарцы ці ў душы. Вось і зараз стараюцца людзі да новага года дарабіць пачатыя справы, разлічыцца з пазыкамі, прыбраць жыллё.

Каляды – свята вясёлае. Асаблівы святочны настрой стварала, мабыць, і тое, што да пачатку работ у полі – самы цяжкі час для нашых продкаў – было яшчэ далёка. Нават больш – на каляды нельга было рабіць ніякую працу, ані ткаць, праць, рыхтаваць дровы – можна было толькі весяліцца, каб падтрымаць сілы святла сваім настроем ды задорам.Нашы людзі ўжо крыху прызабылі, як даўней у калядныя вечары хадзілі калядоўшчыкі: пераапранутыя “цыганы” з каляднай зоркай, з песнямі, прыказкамі і прымаўкамі віншавалі гаспадароў, жадалі шчаслівага, удалага, багатага новага года – а ўзамен гаспадары частавалі іх рознымі прысмакамі, бо інакш, лічылася, пажаданні не збудуцца.

25 снежня ва ўстановах культуры Шчучыншчыны весела і з задорам прайшоў абрад “калядавання”. Гаспадар з каляднай зоркай, чырванашчокая гаспадыня, гарэзлівая козачка, таўсматы мядзведзь, вясёлыя цыганы паказвалі цэлае каляднае прадстаўленне: спявалі народныя абрадавыя песні, успаміналі старадаўнія народныя прыказкі ды прымаўкі, жадалі людзям шчасця ў новым годзе. Грацыёзная козачка падала, як нежывая, — і пакуль яе не прыводзілі ў прытомнасць шчодрыя сялянскія пачастункі, ніяк не магла падняцца. Мядзведзьпаказваў і як бабы цеста месяць, і як дзеўкі на вячоркі збіраюцца, і як п’яны мужык дахаты ідзе. А цыганы сваімі вясёлымі песнямі ды танцамі нікога не пакінулі без усмешкі, кожнаму нагадалі, якое вясёлае свята набліжаецца і як ярка, з гумарам і радасна святкавалі яго нашы продкі.

Вядучы метадыст ААМР ДУК «Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» – Урублеўская Вікторыя Іванаўна.

 

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники