“Дэмбраўская кадрыля” будзе ўключана ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей

Адзінаццацікласніца Дэмбраўскай школы Вераніка Малышка спасцігае «Дэмбраўскую кадрылю» 11-ы год. Русая каса, блакітныя вочы і нацыянальны строй – сапраўдная беларусачка! Рука аб руку з Веранікай танцуюць брат і мама. Аказалася, што «Дэмбраўская кадрыля» ўжо даўно стала сямейным танцам не толькі для Малышкаў, але і для Сухоцкіх, Бабеяў, Талочкаў, Шведаў, Ненартовічаў і іншых сяльчан.

Добрая звестка аб тым, што наш узорны фальклорны калектыў “Скарбоначка” быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і «Дэмбраўская кадрыля” будзе ўключана ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, разляцелася па раёне хутка і дайшла нават да канала Беларускага тэлебачання. Мы таксама вырашылі бліжэй пазнаёміцца з захавальнікамі слаўных беларускіх традыцый і накіраваліcя ў аграгарадок Дэмбрава.

У той восеньскі дзень, нягледзячы на дажджлівае надвор’е, у мясцовым Доме фальклору панаваў па-сапраўднаму святочны настрой. Пераступаю парог будынка і апынаюся ў аўтэнтычным беларускім асяродку. Адразу бачна, што дэмбраўцы шануюць культурную спадчыну, народныя традыцыі і звычаі. Здаецца, час тут спыніўся. На сценах – кветкі і птушкі, вышытыя працавітымі рукамі дэмбраўскіх майстрыц. Усе рыхтуюцца да прыезду гасцей. Юнакі падвязваюць паяcамі вышываныя кашулі, абменьваюцца жартамі. Дзяўчаты ўплятаюць у косы чырвоныя стужкі і грацыёзна кружацца ў сваіх шыкоўных беларускіх строях. Нібы пазыўныя, даносяцца акорды баяна, і за лічаныя хвіліны танцоры выстройваюцца парамі. Ад бойкага тапатання драўляная падлога гудзе ў такт музыцы. Крок за крокам, круг за кругам… Рэпетыруюць.

Танцоры ведаюць, што агрэхаў у іх справе быць не павінна: за кожным уважліва сочыць кіраўнік узорнага фальклорнага калектыву “Скарбоначка” Эльвіра Мечыславаўна Сухоцкая. Але як маці яна асабліва хвалюецца за сына Захара. Малы не горш за дарослых танцуе “Дэмбраўскую кадрылю” і прызнаецца, што такі занятак яму даспадобы. Зусім не цяжка запомніць рухі. Усё само па сабе атрымліваецца. Шкада толькі, што ў гэты дзень таты побач няма – ён, як аказалася, таксама танцуе кадрылю!

А вось у Людмілы Міхайлаўны Ма­лыш­ка часу на хваляванне няма: трэба задаваць тон і не выбівацца з рытму. Як атрымалася, што маці ўжо не першы год танцуе на адной сцэне са сваімі дзецьмі?

– Аднаго разу Вераніцы і Дзянісу спатрэбілася наша бацькоўская дапамога: трэба было вышыць беларускі арнамент. Упрыгожваючы строі, адчула сувязь са сваімі прод­ка­мі. Дзеці шануюць і любяць тое, што падабалася нашым бацькам і дзядам, дык чаму і мне не далучыцца да гэтай добрай традыцыі? Зараз тупацім усе разам, – усміхаецца Людміла Міхайлаўна.

Некалькі хвілін перапынку, і рэ­пе­ты­цыя працягваецца. Уважліва сачу за танцорамі – вучнямі 4-11 класаў. Адзначаю, што тут няма скідкі на ўзрост. Усе рухаюцца аднолькава хораша. Цікава, што танцаваць падабаецца не толькі дзяўчатам, але і хлопцам. Напрыклад, Максім Талочка не развітваецца з “Дэмбраўскай кадрыляй” на працягу 10 гадоў. Кажа, што яму ў радасць апранаць нацыянальны строй. А яшчэ цікава даведацца, якія танцы захаваліся ў іншых рэгіёнах. Такая магчымасць, між іншым, у дэмбраўскай моладзі таксама ёсць.  

Загадчыца Дэмбраўскага сельскага Дома фальклору Алена Іванаўна Аліхвер расказала, што “Скарбоначка” аблюбавала не толькі сцэну райцэнтра, але і “засвяцілася” на розных фестывальных пляцоўках Беларусі. Дэмбраўцы з’яўляюцца дыпламантамі I ступені конкурсаў “Хрустальный башмачок”, “Крышталікі запрашаюць” і іншых. Рабяты прымалі ўдзел у фестывалях “Панямоння жыватворная крыніца”, “Паміж намі, суседзямі”, выступалі на конкурсах і фэстах у Воранаве, Ваўкавыску, Індуры, Адэльску, Астраўцы, Іўі і іншых гарадах. Яскравыя ўспаміны пра падарожжы беражліва захоўваюцца ў вялізным фотаальбоме.

Марыя Уладзіславаўна Семяновіч таксама можа многае ўзгадаць.

– Танцую кадрылю больш за чвэрць стагоддзя, – прызнаецца былая загадчыца Дэмбраўскага Дома фальклору. – Я вельмі беражліва адношуся да культурнай спадчыны. “Дэмбраўская кадрыля” – гэта наш адметны мясцовы танец. Упэўнена, што калі спатрэбіцца, кожны трэці выйдзе яго танцаваць. Не ведаць кадрылю, гэта як не ведаць “Купалінку”. Прыемна ба­чыць, што сёння ў “Скарбоначку” пры­водзяць сваіх дзяцей тыя, хто сам калісьці тут займаўся. Гэта своеасаблівая сувязь пакаленняў.

Адметна, што дэмбраўская мо­ладзь танцуе не толькі кадрылю, але і яшчэ 16 побытавых танцаў!  Гэта “Турэйская кадрыля”, “Полька-бабачка”, “Лысы”, “Кракавяк”, “Лявоніха”, “Рэчанька” і многія іншыя. Рабяты разам з работнікамі Дэмбраўскага Дома фальклору збіраюць прыказкі і прымаўкі, ходзяць калядаваць, гукаюць вясну, шукаюць папараць-кветку, захоўваюць нашы беларускія традыцыі і абрады.

Музыка сціхла, і ў дзвярах Дома фальклору паказаліся журналісты тэлерадыёкампаніі “Брэст”. Хлопцы і дзяўчаты крыху разгубіліся, але ўжо праз некалькі хвілін пасмялелі і пачалі дэманстраваць свае таленты перад пільным вокам фота- і відэакамеры.

Рэдактар аддзела спецпраектаў Таццяна Болтуць расказала, што працуе над цыклам перадач па гісторыка-культурнай спадчыне для свайго новага штотыднёвага этнаграфічна-краязнаўчага праекта “Край”. Дарэчы, ён зусім нядаўна з’явіўся ў эфіры тэлеканала “Беларусь 3”. Журналістка ездзіць па Беларусі ў пошуках аўтэнтычных танцаў і песень, народных традыцый і абрадаў. Не змагла яна абмінуць і Шчучыншчыну.

У той дзень здымалі “Скарбоначку” да самага вечара. Пра сябе расказвалі і дзеці, і дарослыя. Дэмбраўскія танцоры так уразілі тэлежурналістку, што яна папрасіла ў рабят даць ёй майстар-клас. Атрымалася нядрэнна. 

Увечары мы знайшліся ў сацыяльных сетках, абмяняліся здымкамі і ўражаннямі.

– Цудоўныя дзеткі, цудоўная спра­ва, якую робяць усе гэтыя людзі, – зазначыла Таццяна Болтуць. – Відаць, што гэта ад душы ідзе. Таму ўсё ў іх атрымаецца. “Дэмбраўская кадрыля” будзе жыць!

    

Матэрыял узяты з сайта – http://kultura.grodno-region.by/ru/news/dembraskaja-kadrylja-budze-kljuchana–dzjarzhany-sps-nemateryjalnyx-gstoryka-kulturnyx-kashtonastsej_i_1122.html і “Дзяннiца”.

 

Поделиться в соц. сетях

Опубликовать в Google Buzz
Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники